Без намёкаў. Як у турме ледзь не забілі будучага прэзідэнта
Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя / Еўрарадыё
У турме здароўе гэтага палітвязня значна пагоршылася. Рэжыму прыйшлося пайсці на саступкі, каб ён не памёр за кратамі.
Еўрарадыё ўзгадвае біяграфію Вацлава Гавела, дэсідэнта, які стаў прэзідэнтам Чэхіі. Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя.
Вацлаў Гавел нарадзіўся ў заможнай сям'і, але калі стаў юнаком, то аказалася, што належыць да “пераможанага” класа. Пасля прыходу ў Чэхаславакіі да ўлады кампартыі паходжанне стала для яго істотнай перашкодай у атрыманні адукацыі. Усе спробы паступіць у гуманітарную ВНУ заканчваліся правалам — без рэкамендацыі мясцовай ячэйкі кампартыі зрабіць гэта было немагчыма. Нарэшце, у 1955 годзе Вацлаву цудам удалося паступіць на эканамічнае аддзяленне тэхнічнага ўніверсітэта. У 1962 годзе яго залічылі на завочнае — адпаведна, менш прэстыжнае — аддзяленне Акадэміі музычных мастацтваў у Празе.
Адметна, што будучы драматург пачынаў у тэатры як работнік, адказны за кулісы.
У 1960-я гады Гавел пачынае сваю палітычную дзейнасць. У 1968-м здарылася Пражская вясна. Аднак любыя надзеі на дэмакратызацыю Чэхаславакіі задушылі савецкія танкі. Усе, хто тады актыўна падтрымаў працэс абнаўлення грамадства, праз год ператварыліся ў "ворагаў народа". Гавела чакалі першыя допыты і абвінавачванні ў "замаху на рэспубліку". Праз гэта творы Гавела патрапілі пад забарону. Ён жыў на ганарары ад кніг і пастановак сваіх п'ес за мяжой.
Вацлаў Гавел ператвараецца ў лідэра чэхаславацкага дысыдэнцкага руху. Ён стаў адным з аўтараў знакамітай "Хартыі-77", якая стала штуршком да стварэння найбольш уплывовай у краіне апазіцыйнай арганізацыі. На гэты раз турмы Гавелу было не пазбегнуць. У 1979 годзе ён быў асуджаны.
За кратамі Гавел захварэў на найцяжэйшае запаленне лёгкіх. Але толькі пасля таго, як тэмпература пераваліла за сорак, Гавел пачаў губляць прытомнасць. Яго ў кайданках трымалі ў турэмным шпіталі. Стан здароўя ўлады хавалі нават ад яго жонкі Вольгі. Але ёй паведаміў аб гэтым бальнічны персанал.
Жонка забіла трывогу і падняла на ногі сяброў-эмігрантаў у Заходняй Еўропе і ЗША. Пратэсты пасыпаліся на ўрад Чэхаславакіі з усіх бакоў. За паўгода да заканчэння тэрміна пакарання Гавела выпусцілі на волю — у 1983-м. Спачатку яго перавезлі на машыне хуткай дапамогі ў рэанімацыйнае аддзяленне звычайнай бальніцы. А ўжо праз месяц ён змог вярнуцца дадому.
Ізноў ён быў арыштаваны і асуджаны ў 1989-м, але тады правёў за кратамі толькі некалькі месяцаў. Неўзабаве "Аксамітная" рэвалюцыя змяла камуністычны рэжым, і Вацлаў Гавел стаў прэзідэнтам краіны.
У гісторыю ён увайшоў як апошні прэзыдэнт Чэхаславаччыны і першы прэзыдэнт Чэскай рэспублікі. Ён стаў самым вядомым чэшскім палітыкам у гісторыі. Да Гавела прыслухоўваюцца як да высокага маральнага аўтарытэта. Пасаду прэзідэнта палітык займаў да 2003 года.
Памёр Вацлаў Гавэл 18 снежня 2011 года. Яму было 75 гадоў.