Беларусы за мяжой не могуць зняць з уліку машыну — ДАІ патрабуе дарожны падатак

Паказальнік рэгістрацыі аўтамабіля ў мінскім ДАІ 

Паказальнік рэгістрацыі аўтамабіля ў мінскім ДАІ  / av.by

Журналістка і пісьменніца Ганна Златкоўская, якая цяпер жыве ў Вільнюсе, сутыкнулася з тыповай для беларускіх эмігрантаў праблемай — аўтамабіль яе мужа “існуе” у базах Беларусі, і ўлады патрабуюць сплачваць транспартны падатак.

“Машына ўехала ў Літву, дзе прыгожа памерла адразу па прыездзе. Потым была прададзеная на запчасткі і металалом іншай фізічнай асобе”, — распавяла Еўрарадыё Златкоўская. Аднак беларускія органы працягваюць настойваць: транспартны падатак трэба плаціць. “У Беларусі яна ўсё яшчэ існуе — як цудоўны прывід, за які трэба плаціць”, — з іроніяй дадае суразмоўніца.

Спробы вырашыць пытанне афіцыйна не прынеслі плёну. “Звязацца з ДАІ не атрымліваецца — адрасу электроннай пошты няма, іншыя каналы маўчаць”, — кажа пісьменніца. Сілавікі шлюць сям’і беларускі не толькі квіток для сплаты транспартнага падатку. Першы год быў аплачаны, а наступны не — і сям’я Ганны атрымала паперы аб прымусовым выкананні. 

Па выніку Ганна не ведае што рабіць — альбо прынцыпова адмаўляцца камунікаваць з уладамі і не плаціць падатак з “маральнага прынцыпу”, але дзяржава рэагуе па-свойму: “Доўг расце, дзяржава бунтуе і дасылае каварныя пагрозлівыя паперы аб прымусовым выкананні. Калі шчыра, гэта ўсё надакучыла”.

З’ездзіць у Беларусь, каб асабіста зняць машыну з уліку, пісьменніца не можа праз пагрозу палітычнага пераследу. Аформіць даверанасць — таксама. “Што ж рабіць у такой сітуацыі і як пераканаць таварышаў там зняць машыну з уліку і перастаць патрабаваць ад мяне грошы?” — задае яна рытарычнае пытанне.

У каментары яна ўдакладняе, што сур’ёзных наступстваў пакуль няма, аднак праблема нарастае: “Муж сказаў, што за неаплату за аўто наўрад ці могуць узбудзіць адміністрацыйную справу. Хутчэй будзе назапашвацца вялікі штраф. Але ў цэлым — гэта пытанне юрысту, каб я не казала ерунды”.

 

“Прасцей будзе плаціць падатак”

“У сітуацыі, у якой апынулася Ганна Златкоўская, існуе два шляхі вырашэння пытання”, — адказаў Еўрарадыё Міхаіл Кірылюк, дарадца па юрыдычных пытаннях Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

Усё залежыць ад таго, ці ёсць у чалавека, на якога аформлена аўто, маёмасць за мяжой. 

“Калі нічога няма, гэтыя патрабаванні ад сілавых структураў можна цалкам ігнараваць. А вось калі нешта ёсць, то прасцей будзе плаціць падатак, бо судовыя выканаўцы змогуць прыйсці па адрасе, дзе апошні раз быў зарэгістраваны чалавек і там апісаць і арыштаваць маёмасць за лік доўгу, які назапасіўся. Пры гэтым маёмасць можа належыць гаспадарам памяшкання, а не даўжніку, але так працуе працэдура”.

Уладальнікі маёмасці могуць паспрабаваць гэты арышт абскардзіць у судзе і прынесці доказы сваёй невінаватасці. Але гэта не заўсёды спрацоўвае.

“Тут узнікае пытанне як лепей паступіць — траціць час і грошы ў судзе ці махнуць рукой на арыштаваную маёмасць. Верагоднасць такога развіцця падзей не нулявая, такое цалкам можа адбыцца”, — папярэджвае Кірылюк. 

Вяртацца на радзіму, каб зняць машыну з уліку, таксама небяспечна. Ніякія грошы не кампенсуюць вам верагоднасці страціць свабоду на нявызначаны тэрмін, бо палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі ўсё яшчэ працягваюцца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.