Беларусы ў Літве летась атрымалі 155 пашпартоў замежніка

Вільня, ілюстрацыйнае фота / the-passenger.de
Грамадзяне Беларусі атрымалі ў 2024 годзе ў Літве 155 пашпартоў замежніка — дакументаў, якія замяняюць нацыянальны пашпарт у падарожжах і шэрагу ўстаноў. Агулам у Літве летась было выдадзена 216 такіх дакументаў.
Другое месца займаюць грамадзяне Расіі з 25 такімі пашпартамі, трэцяе — Афганістан з 16. Гэтыя звесткі ў штогадовай справаздачы Дэпартамента міграцыі Літвы заўважыла DW.
Дарэчы, у 2023 годзе беларусы атрымалі ў Літве 36 пашпартоў замежніка. Выбуховы рост звязаны з тым, што ў верасні 2023-га Лукашэнка сваім указам забараніў беларускім дыппрадстаўніцтвам за мяжой замяняць пратэрмінаваныя пашпарты. Між тым многія беларусы асцерагаюцца вяртацца на радзіму праз пагрозу рэпрэсій.
Таксама летась беларусы атрымалі ў Літве 112 пашпартоў бежанца. У 2023-м іх было амаль удвая больш — 215. Па колькасці і адных і другіх выдадзеных дакументаў нашы суайчыннікі трымаюць першае месца ў статыстыцы Літвы.
Таксама Дэпартамент міграцыі паведаміў, што летась ад беларусаў было пададзена 140 хадайніцтваў аб прытулку. Найбольшая колькасць такіх хадайніцтваў была ў 2022 годзе — іх падалі 416 чалавек.
Агулам на пачатак 2025 года ў Літве пражывала 57 511 беларусаў з розным міграцыйным статусам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.