Беларускія выдаўцы атрымалі міжнародную прэмію IPA Prix Voltaire 2025
Беларускія выдаўцы атрымалі прэмію Вальтэра / internationalpublishers.org
Беларускія выдаўцы Надзя Кандрусевіч (выдавецтва Koska) і Дзмітрый Строцаў (выдавецкая ініцыятыва Hochroth Minsk) сталі лаўрэатамі прэміі Prix Voltaire 2025. Іх уганараванне адбылося падчас Сусветнага форуму свабоды выказвання (WEXFO) у нарвежскім Лілехамеры. Пра гэта паведамляе Міжнародная асацыяцыя выдаўцоў (IPA).
Беларускіх выдаўцоў адзначылі за мужнасць падчас працы ў вымушанай эміграцыі, іх адданасць справе свабоднага слова і выдавецкай дзейнасці, нягледзячы на пераслед, пагрозы і цэнзуру ў Беларусі.
Прэмія Prix Voltaire 2025 выдаецца за свабоду публікацыі. Яе заснавала Міжнародная асацыяцыя выдаўцоў (IPA).
Надзя Кандрусевіч на цырымоніі прысутнічаць не змагла, але перадала такую заяву: "Дзякуй за вялікі гонар атрымаць прэмію Вальтэра. Гэта прызнанне пацвярджае не толькі важнасць выдання і перакладу кніг для дзяцей, але і веру ў ціхую сілу слоў фармаваць розум, адкрываць сэрцы і будаваць масты паміж мовамі, культурамі і пакаленнямі".
Дзмітрый Строцаў выступіў падчас цырымоніі ўзнагароджання па-беларуску. Ён нагадаў, што ў 2022 годзе пакінуў Беларусь з адной валізай, але з мэтай стварыць "свабоднае беларускае выдавецтва ў эміграцыі". Ён дадаў, што на сённяшні дзень за мяжой з'явілася каля 30 беларускіх выдавецкіх ініцыятываў, якія сфармавалі новую супольнасць.