Беларускі верталёт Мі-24 збіў расійскі дрон "Гербера", які ляцеў у бок Украіны

Дрон, ілюстрацыйнае фота / iStock/Olena Bartienieva
Беларускі верталёт Мі-24 збіў расійскі дрон "Гербера", які ляцеў у бок Украіны. Гэта адбылося 12 ліпеня, калі ў небе над Беларуссю знаходзіліся як мінімум тры расійскія беспілотнікі. Пра інцыдэнт паведамляе hromadske.ua са спасылкай на ўкраінскую разведку.
"Гербера" — гэта дрон-імітатар. Расія выкарыстоўвае такія БпЛА, каб перагружаць украінскія сістэмы СПА. Беспілотнік не нясе баявога зараду, але на экранах радараў выглядае такой жа цэллю, як ударны "Шахед" з выбухоўкай.
Беларускія вайскоўцы, мяркуючы па ўсім, таксама не ведалі, "Шахед" перад імі ці "Гербера". Таму прынялі рашэнне збіць небяспечны аб'ект. Яго абломкі ўпалі ў Гомельскай вобласці.
12 ліпеня расіяне запусцілі па Украіне 339 ударных дронаў Shahed, 258 беспілотніка іншых тыпаў, а таксама 26 крылатых ракет Х-101. Пад агнём акупантаў аказаліся Харкаў, Львоў, Луцк і Чарнаўцы. У Чарнаўцах у выніку атакі загінулі два чалавекі, яшчэ дзесяць былі параненыя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.