Беларуская чыгунка верне частку грошай за "стаячыя" квіткі да Вільні

Беларуская чыгунка верне частку грошай за "стаячыя" квіткі да Вільні

Беларуская чыгунка верне частку грошай за "стаячыя" квіткі да Вільні. Памер кампенсацыі будзе залежаць ад таго, як далёка паспеў заехаць пасажыр. Пра гэта першы намеснік кіраўніка пасажырскай службы Беларускай чыгункі Андрэй Кашко расказаў парталу tut.by.

Як паведамляла Еўрарадыё, у суботу, 6 жніўня, частка пасажыраў цягніка Мінск — Вільня была вымушаная ехаць у літоўскую сталіцу стоячы ці седзячы на падлозе. Прычынай стала тое, што на перон падалі цягнік з меншай, чым звычайна, колькасцю вагонаў. Нязручнасці Беларуская чыгунка пасля патлумачыла тым, што асноўны цягнік быў пастаўлены "на планавы рамонт". Яго мусілі замяніць такім жа цягніком, але ён "з тэхнічных прычын" у рэйс не змог выйсці. Гэтая сітуацыя выклікала хвалю абурэння як пасажыраў, так і карыстальнікаў сацыяльных сетак. У інтэрнэце можна знайсці процьму фота і відэасведчанняў.

Вось што Андрэй Кашко расказаў tut.by: "Гэтыя пасажыры (якія ехалі стоячы — Еўрарадыё) павінны звярнуцца ў білетныя касы на станцыі Мінск-Пасажырскі для кампенсацыі. Яшчэ ў вагоне ім рабілі на праязных дакументах пазнакі, што яны ехалі без заняцця асобнага месца. На падставе адзнак частку кошту білетаў вернуць".

Чыноўнік таксама дадаў, што кампенсацыя за стаячы праезд з Мінска ў Вільню на цягніку №801 складзе 13 рублёў. Квіток на гэты цягнік каштуе ад 24 да 34 рублёў.