Беларуская чыгунка прынесла прабачэнні пасажырам, якія ехалі ў Вільню стоячы

Беларуская чыгунка прынесла прабачэнні пасажырам, якія ехалі ў Вільню стоячы

Пасажыраў у цягніку № 801 Мінск — Вільня аказалася больш, чым месцаў. Скандальная гісторыя адбылася раніцай 6 жніўня. Пасажыры, якім не хапіла месцаў, спрабавалі пратэставаць, яны тэлефанавалі ў СМІ. Людзі казалі, што замест звычайнага цягніка з 300 месцамі для сядзення ў Вільню адправілі іншы, у якім месцаў удвая менш. Пра такую замену пасажыраў ніхто не папярэдзіў.

Як інфармуе партал tut.by, незадаволеныя пасажыры-мужчыны заблакавалі дзверы вагонаў. У выніку цягнік адправіўся са спазненнем на 15 хвілін. Перад гэтым пасажырам аб'явілі па гучнай сувязі, што тыя, каму не хапіла месцаў, могуць адмовіцца ад білетаў і ім вернуць грошы. Але ў многіх былі планы, у некаторых — квіткі на самалёт з Вільні. Таму тры гадзіны ім давялося ехаць стоячы ці седзячы на падлозе.

Пазней Беларуская чыгунка прынесла прабачэнні пасажырам, якія ехалі ў Вільню стоячы. Было патлумачана, што дызель-цягнік, які курсіруе па маршруце Мінск — Вільня, быў пастаўлены "на планавы рамонт". Яго мусілі замяніць такім жа цягніком, але ён "з тэхнічных прычын" у рэйс не змог выйсці.

"Прымаючы пад увагу 100% продаж квіткоў, было прынята рашэнне аб выдачы ў рэйс іншага (які быў у наяўнасці) рухомага складу з меншай колькасцю пасадачных месцаў. Беларускай чыгункай былі адпраўленыя ў Вільню ўсе жадаючыя пасажыры. На жаль, некаторым пасажырам давялося ехаць стоячы. Пасажырам, якія вырашылі адмовіцца ад паездкі, быў вернуты кошт праязных квіткоў у поўным аб'ёме", — інфармуе прэс-служба Беларускай чыгункі.

Беларуская чыгунка прынесла прабачэнні пасажырам, якія ехалі ў Вільню стоячы
Фота: tut.by