Беларуская чыгунка афіцыйна запускае хуткасны электрацягнік Гомель — Мінск

Беларуская чыгунка адкрывае міжрэгіянальныя пасажырскія перавозкі бізнес-класа электрацягніком (ЭПм) InterCity па кірунку Гомель — Мінск. Запуск гэтага цягніка з’яўляецца чарговым этапам развіцця новага фармату пасажырскіх перавозак, да ўкаранення якога Белчыгунка прыступіла ў 2010 годзе.
У першую паездку электрацягнік InterCity адпраўляецца сёння са станцыі Гомель ў 7.00 і прыбудзе ў Мінск у 9.59. У адваротным кірунку з Мінска цягнік адправіцца ў 18.50 і прыбудзе ў Гомель у 21.49.
Рашэнне аб прызначэнні новага электрацягніка на гэтым кірунку было прынята ў сувязі з тым, што ён з'яўляецца адным з самых пасажыранапружаных на Беларускай чыгунцы.
Раней цягам двух месяцаў з Гомеля ў Мінск і назад хадзіў цягнік, у якім вагоны лакаматыўнай цягі замянілі маторвагонным рухомым складам ЭПр вытворчасці кампаніі Stadler. Дарога паміж двума гарадамі ўжо займала меней за 3 гадзіны.