Беларускае войска атрымала "айчынны аналаг сістэмы Starlink"
"Аналаг" спачатку паказалі Аляксандру Лукашэнку / president.gov.by
Беларускае войска атрымала "айчынны аналаг сістэмы Starlink". Так называюць распрацаваны ў Беларусі для вайскоўцаў мабільны комплекс сувязі "Куліса". ТАСС спасылаецца на адказ з Мінабароны РБ, што гэты комплекс "ужо паступіў на ўзбраенне і эксплуатуецца ў падраздзяленнях і воінскіх часцях Узброеных сіл".
У лістападзе пра "аналаг сістэмы Starlink" расказваў начальнік сувязі Узброеных сіл, начальнік упраўлення сувязі Генштаба Вадзім Раманіў. Паводле яго слоў, у 2023 годзе яго паказалі Аляксандру Лукашэнку. "У гэтым годзе мы ў канчатковым выніку дапрацавалі гэты камплект практычна да дасканаласці і палепшылі яго якасць і колькасць паслуг, якія прадстаўляюцца", — дадаў ён.
А тэлеканал СТБ паведамляў, што яшчэ летась "Кулісу" атрымала беларускае войска (відаць, ішлі выпрабаванні). Адзначаецца, што яна "значна таннейшая" за Starlink, мае прыстасаванне для шыфравання канала.