Беларуса ўзялі ў закладнікі ў Варшаве
Нападнік, які пагражаў таксоўцу-беларусу / Паліцыя Варшавы
Беларускі таксовец у Варшаве апынуўся ў закладніках, калі прыехаў на чарговы выклік. За яго запатрабавалі выкуп у 100 тысяч злотых (каля 28 тысяч долараў паводле цяперашняга курсу).
У варшаўскай паліцыі кажуць, што таксовец атрымаў заказ праз праграму-аплікацыю. Ён мусіў даставіць пасажыра ад Цэнтральнага вакзала ў аэрапорт. Калі аўтамабіль спыніўся на святлафоры ў раёне плошчы Завішы, пасажыр дастаў нож, прыставіў яго да горла і жывата кіроўцы і загадаў ехаць назад у цэнтр горада. Потым ён затэлефанаваў на экстранны нумар 112 і некалькі хвілін гаварыў з дзяжурным, агучваючы свае патрабаванні — 100 тысяч злотых і пачак цыгарэт у мяккай упакоўцы.
На вуліцы Новы Свят у цэнтры Варшавы паліцыянты затрымалі зламысніка. Паведамляецца, што беларус не атрымаў сур'ёзных траўмаў і не меў патрэбы ў шпіталізацыі. Паліцыянты і медыкі хуткай дапамогі аказалі яму псіхалагічную дапамогу, высока ацаніўшы яго вытрымку.
Нападнікам аказаўся 31-гадовы грамадзянін Польшчы. Яго абвінавацілі ў захопе закладніка з ужываннем катаванняў, вымагальніцтве і нанясенні цялесных пашкоджанняў. Першапачаткова мужчынуа арыштавалі на тры месяцы. ЁЦяпер ён перабывае ў псіхіятрычнай установе следчага ізалятара. Раней яго прыцягвалі да адказнасці за напад на супрацоўніка паліцыі і парушэнне яго недатыкальнасці, а таксама за захоўванне наркотыкаў.
Паліцыя не паведамляе, ці быў мужчына пад уздзеяннем наркотыкаў падчас нападу. Па выстаўленых абвінавачваннях яму можа пагражаць да 25 гадоў пазбаўлення волі.