Беларус, якога высылалі з Польшчы, абараніў свае правы ў судзе
Павел Юшкевіч / Hrodna.life
Гродзеннцу Паўлу Юшкевічу больш не пагражае дэпартацыя з Польшчы. Ваяводскі адміністрацыйны суд у Варшаве 9 ліпеня скасаваў пастанову аб пазбаўленні яго пастаяннага віду на жыхарства, піша Hrodna.life. Раней польскія спецслужбы палічылі хлопца нядобранадзейным для краіны.
У судзе адвакат Паўла паведаміў, што Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW) змяніла меркаванне наконт небяспекі гродзенца для Польшчы.
Павел і яго адвакат мяркуюць, што спецслужбам не спадабалася, калі ён адмовіўся даваць ім інфармацыю пра беларускіх студэнтаў і сваіх калег. Таксама прычынай можа быць удзел Юшкевіча ў алімпіядзе па рускай мове ў Доме расійскай культуры — ён быў студэнтам рускай філалогіі.
Як распавядала Еўрарадыё, Юшкевіч жыве ў Польшчы з сваіх 17 гадоў. Ён меў дазвол на жыхарства з 2008-га. У 2011-м гродзенец падаваў дакументы на атрыманне грамадзянства, але польскія спецслужбы палічылі яго "пагрозай нацыянальнай бяспецы". А напрыканцы 2023-га яго пазбавілі дазволу на жыхарства на падставе рашэння 11-гадовай даўніны.
Спецслужбы змянілі меркаванне ў лютым 2024 года. Павел лічыць, што гэта звязана з падтрымкай польскай і беларускай грамадскасці.
Пакуль рыхтаваўся да суда, Юшкевіч падаў заяву на міжнародную абарону. Цяпер, калі яму вярнулі пастаянны від на жыхарства, гэта стала неактуальным.