Беларусь высылае чэшскага дыпламата

МЗС Беларусі

МЗС Беларусі

Афіцыйны Мінск абвясціў персонай нон грата чэшскага дыпламата. Дарадца амбасады павінен цягам 72 гадзін пакінуць Беларусь

Афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі Руслан Варанкоў падкрэсліў, што гэта крок у адказ на высылку беларускага дыпламата з Чэхіі. "Як вам ужо вядома, нядаўна ўлады Рэспублікі Польшча і Чэшскай Рэспублікі па абсалютна надуманых і беспадстаўных падставах прапанавалі пакінуць тэрыторыю сваіх дзяржаў беларускім дыпламатам у рангу дарадцы", — перадае БЕЛТА яго словы.

Акрамя кіраўніка чэшскай дыпламатычнай місіі сёння ў МЗС выклікалі і часовага паверанага ў справах Польшчы ў Беларусі. З ім, як заяўляюць у МЗС, адбылася грунтоўная размова на тэму цяперашняга стану беларуска-польскіх адносін, аднак пра высылку польскага дыпламата гаворкі не было.

"Беларускі бок лічыць на гэтым дыпламатычны інцыдэнт вычарпаным. У выпадку далейшай эскалацыі Беларусь будзе рэагаваць адэкватна. Дадзеная пазіцыя даведзеная да ведама Варшавы і Прагі", — дадаў афіцыйны прадстаўнік беларускага МЗС.

Высылка дыпламатаў лукашэнкаўскага рэжыму з Чэхіі ды Польшчы адбылася пасля таго, як у некалькіх краінах Еўропы выявілі шпіёнскую сетку беларускага КДБ. Дыпламатаў абвінавацілі ў дзейнасці, несумяшчальнай з іх статусам — прасцей кажучы, у шпіянажы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.