Беларус перамог у начным забегу ў Польшчы

Начны забег / gdyniasport.pl
Беларус Раман Адамовіч стаў пераможцам начнога купальскага забегу ў Гдыні. Забег быў на дыстанцыю ў 10 кіламетраў.
Аднак адзін з удзельнікаў публічна аспрэчыў законнасць перамогі і заявіў, што наш суайчыннік парушыў рэгламент, заўважыў MOST.
У фэйсбук-групе Stowarzyszenie Bryza Славамір Янушэўскі заявіў, што беларус:
стартаваў ананімна, не дазволіўшы публікацыю сваіх даных;
не падаў абавязковую заяву аб нязгодзе з расійскай агрэсіяй;
схаваў сваё рэальнае грамадзянства.
Арганізатары забегу адрэагавалі на заўвагі. Дырэктар па культуры і грамадзянскай актыўнасці гдыньскага цэнтра спорту Марыюш Бздэнга патлумачыў:
"4 лістапада 2023 года Раман Адамовіч накіраваў у адрас арганізатара бегу Незалежнасці — Гдыньскага цэнтра спорту — заяву, у якой заявіў, што не падтрымлівае ўзброены напад Расіі і выступае супраць ваенных дзеянняў, якія вядуцца супраць свабоднай і суверэннай Украіны. Гэта заява была абавязковай умовай для допуску спартоўца да ўдзелу ў бегу Незалежнасці, дзе ён стартаваў і заняў другое месца.
Раман Адамовіч праінфармаваў Гдыньскі цэнтр спорту, што пры запаўненні рэгістрацыйнай формы на начны забег памылкова адзначыў опцыю ўтойвання персанальных даных у стартавым спісе і выніковых выніках. Ён папрасіў змяніць гэты пункт, дазволіўшы арганізатару публікацыю яго імя і прозвішча".
Таксама беларус дадаў, што ўжо больш за два гады мае польскі нумар PESEL, выступае на спаборніцтвах у Польшчы і краінах Еўрасаюза як спартовец без сцяга. Пры рэгістрацыі на начны забег не было магчымасці выбраць такі варыянт у заяўцы. Таму Адамовіч адзначыў Польшчу як сваю краіну, каб не асацыявацца з рэжымам Лукашэнкі, адным з сімвалаў якога з'яўляецца афіцыйны сцяг Беларусі.
Раман Адамовіч — прафесійны лёгкаатлет з Беларусі. Ён пакінуў Беларусь у 2022 годзе пасля пачатку палітычных рэпрэсій. У Польшчы ён удзельнічае ў спаборніцтвах амаль кожныя выходныя, а часам — і двойчы за дзень.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.