Асуджаны майстар, які зліў у каналізацыю 1,6 тоны паўфабрыката каньяку
У Мінску асуджаны майстар, які выпадкова зліў у каналізацыю 1,6 тоны паўфабрыката каньяку. Мужчына атрымаў 4 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Як паведамляе court.gov.by, крымінальную справу разглядаў суд Ленінскага раёна. Абвінавачаны працаваў майстрам участка разліву алкагольнай прадукцыі прадпрыемства "Мінск Крышталь". Здарэнне адбылося ў красавіку мінулага года. Майстар не праверыў, ці завяршыўся разліў прадукцыі (паўфабрыката каньяку) з рэзервуараў. У выніку праз адкрытыя краны яна і трапіла ў каналізацыю. Шкоду ацанілі на 34 тысячы рублёў.
Суд прызнаў мужчыну вінаватым у "неналежным выкананні службовай асобай сваіх службовых абавязкаў з прычыны нядобрасумленнага і нядбайнага стаўлення да службы, што пацягнула па неасцярожнасці іншыя цяжкія наступствы". Акрамя хатняй "хіміі", майстар на тры гады пазбаўлены права займаць кіруючыя пасады. Ён мусіць кампенсаваць прадпрыемству шкоду.