Асуджанага да 15 гадоў калоніі палітвязня зноў будуць судзіць

Андрэй Паднябенны / t.me/viasna96
Асуджанага да 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму палітвязня Андрэя Паднябеннага зноў будуць судзіць, піша @viasna96. Яго абвінавачваюць у "абразе Лукашэнкі", "абразе прадстаўніка ўлады", "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" і "распальванні сацыяльнай варожасці". Крымінальную справу будзе разглядаць Гомельскі абласны суд (суддзя — Руслан Царук). Суд прызначаны на 25 лістапада, ён пройдзе ў закрытым рэжыме.
33-гадовы Андрэй Паднябенны знаходзіцца за кратамі з 5 лістапада 2021 года. Прысуд яму вынеслі 30 чэрвеня. Палітвязень быў прызнаны вінаватым па артыкулах "пашкоджанне чужой маёмасці", "стварэнне экстрэмісцкага фармавання" і "акт тэрарызму". У справе фігуравалі падпал машыны начальніка ўпраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў, пракол колаў у 39 тралейбусаў, стварэнне і адміністраванне тг-канала і тг-чата, якія прызналі "экстрэмісцкімі фармаваннямі", а таксама падпал крана на будоўлі ў 2019 годзе. Мужчыну ўнеслі ў "спіс тэрарыстаў".
Паднябенны мае расійскае грамадзянства, але з шасці гадоў жыве ў Беларусі і мае від на жыхарства.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.