Стала вядома, у чым падазраюць беларуску, якая запускала дрон у Варшаве

МЗС Польшчы / gov.pl
Варшава афіцыйна апавясціла Мінск, што ў Польшчы затрымалі грамадзянку нашай краіны. Яе падазраюць у выкарыстанні дрона ў зоне дзеяння забароны на ажыццяўленне палётаў, а таксама ў стварэнні пагрозы для бяспекі і правапарадку. Пра гэта расказалі ў прэс-службе МЗС Беларусі.
Таксама ў беларускім ведамстве заявілі, што інцыдэнт разглядаецца "ў адміністрацыйна-прававой плоскасці".
У МЗС Беларусі падкрэслілі, што не ўмешваюцца ў працэсуальныя дзеянні, якія праводзяць праваахоўнікі Польшчы, і паабяцалі беларусцы консульскую дапамогу пры неабходнасці.
Увечары 15 верасня стала вядома пра запуск дрона над урадавымі будынкамі і рэзідэнцыяй прэзідэнта ў цэнтры Варшавы. Спярша паведамлялася пра затрыманне двух грамадзян Беларусі, пазней стала вядома, што гаворка ідзе пра 21-гадовага ўкраінца і 17-гадовую беларуску. Маладыя людзі запускалі назіральны дрон над паркам Лазенкі. Паводле папярэдніх высноваў польскіх спецслужбаў, маладыя людзі не займаліся шпіянажам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.