Акупацыйныя ўлады Херсона закрылі для цывільных уезд у рэгіён
Херсон з сакавіка знаходзіцца пад кантролем расійскіх войскаў / ТАСС
Акупацыйныя ўлады Херсона перабіраюцца на левы бераг Дняпра і закрылі на сем дзён уезд у вобласць для цывільных асоб. Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на прадстаўніка прарасійскай адміністрацыі Уладзіміра Сальды. Раней ён заклікаў жыхароў горада "часова" яго пакінуць.
Са словаў Сальды, за два дні з Херсона выехала больш за 5 тысяч чалавек. А ўсяго з рэгіёна з'ехала амаль 40% жыхароў Херсонскай вобласці. Сёння пачнецца арганізаваны выезд настаўнікаў, лекараў і іншых бюджэтнікаў. Сальда сцвярджае, што "для размяшчэння жыхароў Херсона, якія выязджаюць з горада, падрыхтаваныя дамы адпачынку на марскім узбярэжжы".
Людзей палохаюць тым, што УСУ удараць па дамбе Кахоўскай ГЭС, і некаторыя населеныя пункты вобласці могуць быць падтопленыя. Пры гэтым Сальда сцвярджае, што здаваць Херсон ніхто не плануе
Тым часам кіраўнік Мікалаеўскай абласной адміністрацыі Віталь Кім лічыць, што эвакуацыя людзей сведчыць пра тое, што расіяне рыхтуюцца "ўдарыць па горадзе. На жаль".