Афіцыйны Мінск хацеў заплаціць часопісу TIME за інтэрв'ю з Лукашэнкам

Аляксандр Лукашэнка і Сайман Шустэр / president.gov.by
8 жніўня выйшла інтэрв'ю Аляксандра Лукашэнкі журналісту часопіса TIME Сайману Шустэру. Прапаганда дэманстравала яго як вялікі поспех Лукашэнкі.
Аднак выявілася, што афіцыйны Мінск некалькі месяцаў дамагаўся гэтага інтэрв'ю і быў гатовы нават заплаціць за яго. Пра гэта сам Сайман Шустэр расказаў у вялікім артыкуле, апублікаваным 7 жніўня, звярнула ўвагу Радыё Свабода.
"Не адразу было зразумела, чаго хочуць пасярэднікі. Я ніколі не быў у Беларусі і шмат пра яе не пісаў, хоць мае публікацыі аб жыцці яе суседзяў, Расіі і Украіны, далі мне ўяўленне пра гісторыю Лукашэнкі. [...] Яго рэжым з'яўляецца адным з самых рэпрэсіўных і ізаляваных у свеце, з жахлівымі дачыненнямі і амаль поўнай адсутнасцю гандлю з чатырма з пяці сваіх суседзяў і амаль поўнай залежнасцю ад пятага — Расіі", — напісаў журналіст.
Паводле Шустэра, яму тэлефанаваў "чыноўнік ураду Лукашэнкі" і пытаўся, колькі будзе каштаваць арганізаваць такую публікацыю для Time.
"Ён выглядаў збянтэжаным, калі даведаўся, што працэс не можа ўключаць ніякага хабару. "Проста правяраю, — сказаў ён, — каб пазбегнуць любых непаразуменняў пазней". Пасля яшчэ некалькіх званкоў і паведамленняў мы дамовіліся пра ўмовы інтэрв'ю", — згадвае Шустэр.
На яго думку, галоўным матывам для Лукашэнкі было жаданне стаць пасярэднікам паміж Уладзімірам Пуціным і Дональдам Трампам у арганізацыі саміту. Гэтаму паспрыялі нядаўнія візіты амерыканскіх чыноўнікаў у Мінск. Але журналіст падкрэслівае, што ён так і не зразумеў, дзейнічае Лукашэнка з уласнай ініцыятывы ці з'яўляецца марыянеткай Крамля.
Шустэр паведаміў, што яго інтэрв'ю запісвала і прэс-служба Лукашэнкі. Гутарка адбывалася на другім паверсе палаца ў невялікай бібліятэцы. На кніжнай паліцы журналіст заўважыў збор твораў Аляксандра Дугіна — расійскага імперыялістычнага філосафа, якому прыпісваюць фармулёўку ідэалагічных падставаў для ўварвання ва Украіну. У іншым куце пакоя стаяў на мальберце вялікі партрэт Уладзіміра Леніна, да якога Лукашэнка сядзеў тварам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.