Адвакат Шклярава: я не бачыў у справе паручальніцтва ад Васкрасенскага

Адвакат Шклярава: я не бачыў у справе паручальніцтва ад Васкрасенскага

У справе паліттэхнолага Віталя Шклярава няма паручальніцтваў ні ад Юрыя Васкрасенскага, ні ад каго-небудзь яшчэ. Пра гэта яго адвакат Антон Гашынскі распавёў сайту "Моцныя навіны". 

Шкляраў быў выпушчаны на свабоду ў кастрычніку, пасля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з палітвязнямі ў СІЗА КДБ. Паведамлялася, быццам Шклярава адпусцілі пад асабістае даручальніцтва Юрыя Васкрасенскага — былога каардынатара штаба Віктара Бабарыкі.

"Я бачыў дакументы, згодна з якімі ў Шклярава падпіска аб нявыездзе і належных паводзінах. Такая мера стрымання як асабістае паручальніцтва ў дачыненні да Шклярава не абіралася", — кажа адвакат. Ён не адмаўляе, што Васкрасенскі мог пісаць хадайніцтва, але ў справе такіх дакументаў няма. 

"Што тычыцца вызвалення Шклярава з СІЗА, мы не выключаем той факт, што Васкрасенскі ў гэтым таксама паўдзельнічаў, але сам Віталь лічыць, што да яго вызвалення прыклаў руку прэзідэнт пасля званка ад Пампеа", — дадае Гашынскі.

Пры гэтым сам адвакат лічыць, што вызваленне яго кліента адбылося з дапамогай журналістаў і ЗША: "Тое, што Васкрасенскі, магчыма, паручыўся за Шклярава на словах — я як адвакат такіх папер нават не бачыў — гэта добра. Але я лічу, што вызваленне Віталя выключна заслуга журналістаў з розных краін свету, Сената і Дзярждэпартамента ЗША, і асабістага "жадання" прэзідэнта Беларусі. Гэта значыць, прэзідэнт прыняў рашэнне Віталя адпусціць са сваіх нейкіх меркаванняў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.