Адвакат Сафіі Сапега ўпершыню сустрэўся з ёй у СІЗА КДБ
28 траўня адвакат Сафіі Сапега ўпершыню сустрэўся з ёй у СІЗА КДБ. Аляксандр Філановіч кажа, што "яна выглядае бадзёрай і здаровай". "З яе слоў ніякі фізічны гвалт да яе з моманту затрымання да гэтага часу не ўжываўся, — працягвае ён. — Яна не губляе бадзёрасці духу і спадзяецца на больш хуткае вырашэнне сітуацыі”.
Расіянка Сафія Сапега была затрымана ў мінскім аэрапорце 23 траўня разам з Раманам Пратасевічам. Яны ляцелі на самалёце Ryanair з Грэцыі ў Літву, які пасадзілі ў Беларусі. Тэрмін утрымання Сапега працягнуты на два месяцы. Чакаецца, што на працягу дзесяці дзён ёй выставяць абвінавачванні.
Па даных "Бі-Бі-СІ", Сафію Сапега падазраюць у "парушэнні грамадскага парадку", "масавых беспарадках" а таксама ў "распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці". Дзяўчыне пагражае да 15 гадоў зняволення. Днямі яе прызналі палітзняволенай.
Партызанскі суд Мінска не задаволіў скаргу адваката на затрыманне грамадзянкі Расіі.