Адміністратарку беларускай Вікіпедыі асудзілі на 10 сутак

Вольга Сітнік

Вольга Сітнік / Wikimedia Commons

Рэдактарцы беларускай Вікіпедыі Вользе Сітнік прысудзілі 10 сутак арышту. Раней ужо з'яўляліся паведамленні пра пераслед за рэдагаванне Вікіпедыі.

Сітнік вядомая пад нікам Хомелка. 17 красавіка яна знікла — раптоўна перастала правіць артыкулы і выходзіць на сувязь. Меркавалася, што яе затрымалі. Як піша "Наша Ніва", у той дзень Вольгу затрымлівалі, але адпусцілі дадому. А тыдзень таму яе затрымалі зноў і на 10 сутак адправілі на Акрэсціна.

Вольга Сітнік — хатняя гаспадыня з Мінска, у яе трое непаўналетніх дзяцей. У Вікіпедыі яна з 2009 года піша пра беларускую традыцыйную культуру і прыроду, а таксама на такія тэмы, як грудное выкормліванне. З 2010 года Сітнік бесперапынна з'яўляецца адміністратаркай беларускай Вікіпедыі.

Гэта не адзіны выпадак пераследу рэдактараў Вікіпедыі за апошнія месяцы. 13 сакавіка 2025 года знік Kazimier Lachnovič (сапраўднае імя невядомае) — адзін з чатырох адміністратараў "тарашкевічнай" Вікіпедыі. Сувязі з ім дагэтуль няма. Не выключана, што яго затрымалі па крымінальнай справе.

Пры ім у раздзеле запісалі, што адзінай дзяржаўнай мовай Беларусі называецца беларуская, дзяржаўным сцягам — бела-чырвона-белы, гербам — Пагоня. Лукашэнка называецца "кіраўніком акупацыйнай адміністрацыі". Беларускія вікі-рэдактары мяркуюць, што гэта магло прыцягнуць увагу сілавікоў.

Праз тыдзень пасля знікнення Ляхновіча прапагандыстка Людміла Гладкая назвала Вікіпедыю зброяй масавага паражэння супраць краін постсавецкай прасторы і заявіла, што беларускі раздзел рэдагуецца з Польшчы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.