Адміністрацыя БДУ патлумачыла забарону на публічныя каментары

Адміністрацыя Белдзяржуніверсітэта заяўляе, што не забараняла негатыўныя водгукі з боку навучэнцаў, а гаворка ішла толькі пра недакладныя і заведама ілжывыя каментары. Пра гэта паведамляе Telegram-канал "Отчислено".
У ім гаворыцца, што 16 красавіка адбылася сустрэча прадстаўнікоў Студэнцкай Асамблеі БДУ і адміністрацыі ўніверсітэта. На ёй абмяркоўвалася і новая рэдакцыя Правілаў унутранага распарадку.
Як распавядала Еўрарадыё, пункт 5.20 гэтых правілаў абавязвае студэнтаў, магістрантаў, слухачоў і стажораў БДУ "не дапускаць каментароў аб БДУ і ад імя БДУ, якія размяшчаюцца ў інфармацыйнай прасторы (СМІ, інтэрнэт, сацыяльныя медыя), якія могуць нанесці пагрозу іміджу і дзелавой рэпутацыі БДУ"
Прадстаўнікі адміністрацыі БДУ заявілі, што гэты пункт дабаўлены ў новую рэдакцыю правілаў толькі для абароны правоў і інтарэсаў як універсітэта ў цэлым, так супрацоўнікаў і студэнтаў у прыватнасці.
"Пад дадзенай фармулёўкай пункта маюцца на ўвазе недакладнасць і ЗАВЕДАМА ІЛЖЫВЫЯ каментары; каментары, якія ў змесце наўмысна нясуць паклёп на адрас універсітэта і яго чальцоў. Дадзеныя правілы не пераследуюць мэты абмежаваць выказванне меркаванняў студэнтаў па пытаннях жыццядзейнасці ўніверсітэта, калі яны рэальныя і датычаць чальцоў універсітэцкай супольнасці", — гаворыцца ў паведамленні.
Гаворыцца, што асноўная ідэя такога новаўвядзення — гэта абарона законных інтарэсаў універсітэта і яго чальцоў, у тым ліку студэнтаў. "Адпаведна, у такім разуменні і трактоўцы гэты пункт не парушае ні лакальныя, ні дзяржаўныя нарматыўныя акты", — адзначаюць аўтары паведамлення.
Нагадаем, што пасля новаўвядзення студэнты БДУ затролілі адміністрацыю саркастычнымі водгукамі, у якіх толькі хвалілі "альма-матэр".