Ад цеплавых удараў у Беларусі пацярпелі 28 чалавек

Спёка, архіўнае фота

Спёка, архіўнае фота

28 чалавек звярнуліся з цеплавымі ўдарамі да медыкаў у Беларусі з 3 ліпеня. Пяцёра з іх былі шпіталізаваныя, паведамляюць у Рэспубліканскім цэнтры медыцынскага рэагавання Міністэрства аховы здароўя.

Пацярпелі ад наступстваў гарачага надвор'я 10 дзяцей і 18 дарослых.

Медыкі нагадваюць, што высокая тэмпература як на адкрытай мясцовасці, так і ў памяшканнях, можа прывесці да абвастрэння хранічных захворванняў, а ў шэрагу выпадкаў — да перагрэву арганізма і рэзкага пагаршэння здароўя.

Для абароны сябе і блізкіх рэкамендуецца абмежаваць перабыванне на вуліцы, знізіць фізічныя нагрузкі. Памяшканні варта праветрываць, а па магчымасці дадаткова ўключыць вентылятары або кандыцыянеры.

Пры выхадзе на вуліцу рэкамендуецца апранаць лёгкую вопратку з натуральных тканін светлай расфарбоўкі. На вуліцы варта абавязкова карыстацца галаўным уборам, акулярамі ад сонца, парасонамі.

Таксама рэкамендуецца піць вялікую колькасць вадкасці, каб пазбегнуць абязводжвання. Пры гэтым лепш пазбягаць газаваных напояўі і вадкасцяў з павышаным утрыманнем цукру, энергетыкаў і алкагольных напояў.

Пры першых сімптомах перагравання (вільготная счырванелая скура, слабасць, млявасць, дрымотнасць, галаўны боль, смага, частыя пульс і дыханне, млоснасць) і прыкмет харчовага атручвання (болі ў жываце, ваніты, дыярэя) варта неадкладна звярнуцца да ўрача.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.