Абвешчаны прысуд палітзняволенай Рэнаце Смірновай: два гады "хатняй хіміі"

Рэната Смірнова / "Белсат"​
Рэната Смірнова / "Белсат"​

Суд Заводскага раёна Мінска абвясціў прысуд па справе 19-гадовай Рэнаты Смірновай. Суд прызнаў дзяўчыну вінаватай у "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх". У якасці пакарання ёй прызначылі два гады абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову, паведамляюць праваабаронцы.

Дзяўчыну абвінавачвалі ў тым, што на пратэставым маршы 1 лістапада яна груба парушыла грамадскі парадак: доўга пляскала ў ладкі, крычала лозунгі і стаяла ў счэпцы, расказваў раней тэлеканал "Белсат". Акрамя таго, яна выходзіла на праезную частку і такім чынам стварала перашкоду для руху грамадскага транспарту. 

Праваабаронцы прызналі Смірнову палітычнай зняволенай.

З улікам таго, што "Мінсктранс" патрабуе ад дзяўчыны кампенсацыю страт у памеры 11 тысяч рублёў, маёмасць Рэнаты Смірновай застаецца пад арыштам. Мяркуецца, што пазоў транспартнікаў будзе выдзелены ў асобную вытворчасць. 

Пасля абвяшчэння прысуду дзяўчыну вызвалілі. Ля будынка суда яе сустрэлі сябры і родныя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.