Абстрэл Мікалаева і падрыхтоўка да наступу на Бахмут — 132-я раніца вайны
Пасля Лісічанска расіяне рыхтуюць наступ на Бамут і Северск / @uniannet
Раніца ва Украіне пачалася з навін аб ракетных абстрэлах Мікалаева і Днепрапятроўскай вобласці. "Раніцай па Мікалаеву акупанты нанеслі ракетныя ўдары. На месцы ўжо працуюць выратавальнікі, медыкі, аварыйныя брыгады і камунальнікі. Больш інфармацыі паведамлю вам пазней", — напісаў у Telegram мэр горада Аляксандр Сянкевіч.
Сем расійскіх ракет ляцелі ў кірунку Днепрапятроўскай вобласці. Шэсць з іх збілі украінскія сілы СПА.
"Ранішняя ракетная атака на вобласць. "Сусед" "па-сяброўску" накіраваў на нас 7 ракет! 6 з іх нашы ваенныя збілі — над Дняпром і Сінельнікаўскім раёнам", — напісаў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Валянцін Разнічэнка.
Абломкі адной з ракет упалі ў Дняпры і выклікалі пажар. Агонь ужо патушылі. Сёмая ракета трапіла ў прыватны сектар у горадзе Пакроў. Разбураныя некалькі дамоў, яшчэ ў некалькіх — выбітае шкло. Па папярэдніх дадзеных, пацярпелых няма.
УНІАН адзначае, што паветраная трывога мінулай ноччу была абвешчаная амаль па ўсёй тэрыторыі Украіны.
Неспакойна было і прыгранічных расійскіх рэгіёнах. Раніцай былі абстраляныя памежныя мястэчкі Курскай і Бранскай абласцей. "Сённяшняя раніца зноў пачалася з артылерыйскага абстрэлу прыгранічных населеных пунктаў Глушкаўскага раёна. Зафіксаваныя прылёты ў вёсцы Маркава, зноў рвуцца снарады ў пасёлку Цеткіна", — піша ў Telegram губернатар Курскай вобласці Раман Старавойт.
У Бранскай вобласці абстралялі сяло Зярнова Суземскага раёна. "Зафіксавана каля 18 стрэлаў", — кажа Бранскі губернатар Аляксандр Багамаз. Пацярпелых няма.
Акрамя таго, мінулай ноччу ўкраінскія вайскоўцы знішчылі расійскі склад боепрыпасаў на Данбасе ў горадзе Кадзіеўка Луганскай вобласці. Боепрыпасы дэтанавалі каля дзвюх гадзін, паведамляе 24 канал.
Паводле звестак украінскіх журналістаў, гэты склад быў адным з асноўных па пастаўцы снарадаў у напрамку Папасная-Севераданецк-Лісічанск-Бахмут. Афіцыйнай інфармацыі пра страты расіян пакуль няма.
Расія рыхтуецца да наступу на Бахмут і Северск, адзначаюць эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны. Расійскія падраздзяленні цяпер будуць спрабаваць прасунуцца на захад ад трасы Бахмут-Лісічанск, каб у выніку наблізіцца да новых гарадоў. Аднак "іх здольнасць зрабіць гэта паспяхова пасля страт, панесеных пры спробах узяць Лісічанск, сумніўная", — лічаць у Інстытуце.
Між тым саветнік кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч даў сваю ацэнку страт, якія панесла расійская армія пры захопе Лісічанска. Інфармацыю ён агучыў падчас размовы з расійскім праваабаронцам Маркам Фейгіным.
"Па самых сціплых падліках, там "лягло" брыгады тры расійскіх акупантаў і некалькі танкавых батальёнаў. Гэта значыць дзесьці 7 тысяч захопнікаў, не менш, а можа і больш", — мяркуе Арастовіч. Паводле яго слоў, украінскія вайскоўцы выканалі ўсе свае задачы, якія стаялі перад імі на гэтым кірунку.
"Калі цвяроза паглядзець, то абодва бакі выканалі свае задачы. Яны выйшлі на межы Луганскай вобласці, а мы нанеслі ім паражэнне, затрымалі час на прыбыцце заходняй дапамогі ", — сказаў Арастовіч. Ён нагадаў, што месяц таму расійскія войскі наступалі на пяці кірунках, а ўкраінскія — вялі контрнаступленне на адным. "Цяпер мы на трох і яны на трох", — адзначыў Арастовіч.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі у сваім вячэрнім звароце казаў у тым ліку аб аднаўленні Украіны. Аб тым, што трэба рабіць у гэтым кірунку прама цяпер.
"Гэта не проста рэстаўрацыя сцен, якія ў нас былі і разбураныя абстрэламі. Украіна павінна стаць самай свабоднай, самай сучаснай і бяспечнай краінай у Еўропе — ва ўсіх сэнсах гэтага слова, у прыватнасці, з пункту гледжання нашай экалогіі. Я ўпэўнены, што мы гэта зробім", — заявіў Зяленскі.
На канцэрцыі ў Лугана, дзе ў гэтыя дні абмяркоўваюць план аднаўлення Украіны, было абвешчана, што Еўрапейскі інвестыцыйны банк гатовы дапамагчы ў аднаўленні Марыупаля. Пра гэта піша "Громадське".
"Мы дапамагалі ў будаўніцтве дзіцячых садкоў, бальніц і іншай інфраструктуры, якая цяпер разбурана. Мы маем намер зрабіць гэта зноўку ў яшчэ лепшым выглядзе, чым было да гэтага", — цытуе медыа дырэктара банка Маркуса Бернда.
Марыупаль цяпер фактычна знішчаны, адзначае "Громадське". Цалкам разбураныя дамы па меншай меры 84 тысяч гараджан. Паводле папярэдніх ацэнак, у Марыупалі загінулі да 22 тысяч жыхароў. Частку жыхароў прымусова вывезлі на тэрыторыю непрызнанай "ДНР " або ў Расію.
І навіны з Херсонскай вобласці. Тут напярэдадні падчас працы ў полі мясцовыя жыхары падарваліся на боепрыпасе. Адзін чалавек памёр, яшчэ адзін мужчына атрымаў аскепкавыя раненні, яго даставілі ў бальніцу ў Крывым Рогу. Пра гэта распавёў кіраўнік адміністрацыі Крывога Рога Аляксандр Вілкул. Паводле яго слоў, цяпер у рэгіёне ідзе размініраванне тэрыторый.
"Толькі за апошнія суткі ў Крыварожскім раёне абясшкоджаны 51 касетны боепрыпас і 1 ракета ад "Урагану". А з пачатку вайны — больш за 3500 варожых боепрыпасаў", — адзначыў ён. Кіраўнік адміністрацыі чарговы раз заклікаў мясцовых жыхароў быць вельмі асцярожнымі ў небяспечных зонах.