20 гадоў турмы за ўзаемны секс і дэльфін, які размаўляе сам з сабой — #ІхНоравы
Міжнародныя навіны / @rubanau_collage
18-гадовы брытанец заняўся сексам са сваёй 17-гадовай дзяўчынай у Дубаі, а яе маці напісала на яго заяву ў паліцыю. Цяпер хлопцу пагражае 20 гадоў турмы. Пра гэта і не толькі чытайце ў нашай штодзённай падборцы міжнародных навін.
Грэцыя сутыкнулася з маштабным страйкам
Сёння ў Грэцыі страйкуюць работнікі аўтамабільнага, марскога і чыгуначнага транспарту, а таксама лекары, настаўнікі і будаўнікі. У Афінах павінна адбыцца вялікая дэманстрацыя.
Грэкі патрабуюць павышэння зарплаты з-за моцнага падаражэння прадуктаў, кошту арэнды і энерганосьбітаў.
Дату забастоўкі абралі так, каб яна супала з вынясеннем на разгляд праекта бюджэту на 2025 год. Галасаванне па ім чакаецца ўжо ў снежні.
У праект закладаецца чаканы рост эканомікі на 2,3% і павелічэнне падатковых паступленняў дзякуючы пашырэнню лічбавых плацяжоў і росту продажаў на рынку нерухомасці.
Са стабілізацыяй эканомікі пасля крызісу ўрад з 2019 года падвышаў мінімальны заробак і паабяцаў, што ў 2027 годзе ён дасягне 950 еўра.
Біёлагі знайшлі дэльфіна, які размаўляе сам з сабой
Навукоўцы з Універсітэта Паўднёвай Даніі назіралі за адзіночным дэльфінам-афаліна, які плавае ў водах Балтыйскага мора.
Афаліны — сацыяльныя істоты, якія жывуць у групах. Але ў 2019 годзе недалёка ад выспы Фюн знайшлі самотнага дэльфіна, які плавае наводдаль ад звыклых месцаў пражывання.
Дэльфіна назвалі Дэлле. Біёлагі вырашылі вывучыць, як яго прысутнасць ўплывае на марскіх свіней у гавані, і ўсталявалі падводныя гуказапісвальныя прылады. Вынікі паказалі, што Дэлле выдаваў мноства гукаў. Навукоўцы спадзяваліся пачуць толькі некалькі сігналаў, але замест гэтага запісалі мноства розных гукаў.