11-гадовы хлопчык у Лунінцы за два гады скраў у бацькі больш за 5000 долараў

11-гадовы хлопчык у Лунінцы за два гады скраў у бацькі больш за 5000 долараў

У Лунінцы малалетні хлопчык два гады краў грошы ў бацькі з сейфа. Агулам з дому знікла 5200 долараў і больш за 30 тысяч расійскіх рублёў, піша media-polesye.by.

Як паведаміў намеснік начальніка Лунінецкага райаддзела Следчага камітэта Леанід Ванюкоў, крадзяжы адбываліся з траўня 2015-га па жнівень 2017 года. Хлопчык займаўся крадзяжамі з 11 гадоў. 

"Хлопчык ведаў, дзе бацька захоўвае ключ ад сейфа, і таемна браў адтуль долары ЗША. Выкрадаў ён грошы і з бацькавай барсеткі, дзе захоўваліся расійскія рублі", — распавёў Ванюкоў.

выявіўшы прапажу грошай, бацька звярнуўся ў міліцыю.

Выявілася, што школьнік прыносіў грошы пад прымусам свайму старэйшаму таварышу, у той час — навучэнцу аднаго з каледжаў. Той казаў, што бярэ ў пазыку, і абяцаў вярнуць. Сам жа старэйшы хлопец на гэтыя грошы мяняў тэхніку: матацыкл, скутэр і патрыманыя аўтамабілі.

Падчас папярэдняга расследавання падазраванаму споўнілася 18 гадоў. На яго пачалі 27 крымінальных спраў за крадзеж і далучэнне непаўналетняга да здзяйснення злачынства. За далучэнне заведама непаўналетняга да злачынства шляхам абяцанняў ці падману вінаватаму пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі. 

Большая частка шкоды кампенсаваная.

Справы перададзеныя пракурору для накіравання ў суд.