Зяленскі расказаў, чаму Украіна не можа выратаваць беларусаў з расійскага палону

Владимир Зеленский

Расія спрабуе выкарыстоўваць палонных замежных добраахвотнікаў для ціску на іх краіны / Reuters

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі расказаў журналістам некаторыя падрабязнасці абмену ваеннапалоннымі з Расіяй. Ён таксама ўзгадаў пра беларусаў, якія ваююць на баку Украіны.

— Яны не хочуць абменьваць грамадзян Беларусі, што цікава — не хочуць аддаваць нам грамадзян Беларусі, якія былі на нашым баку. Ці нават, напрыклад, беларускіх палітвязняў. Тут нават не пра вайну гаворка. Яны не хочуць прызнаваць, што беларусы на баку Украіны, — адзначыў Зяленскі.

Паводле яго слоў, Расія спрабуе выкарыстоўваць узятых у палон замежных добраахвотнікаў для ціску на іх дзяржавы. Яна адмаўляецца абменьваць і грамадзян Беларусі, якія ваявалі на баку Украіны.

— Расіяне не хочуць аддаваць нам грамадзян іншых краін для абмену. Таму што яны хочуць уплываць на адносіны паміж Расіяй і тымі краінамі, адкуль прыехалі гэтыя хлопцы. Яны вырашаюць свае пытанні — тое, што ім трэба. Часам ім трэба аказаць ціск, часам — абмяняць на сваіх спецагентаў, што знаходзяцца ў турмах у іншых краінах, — распавёў Зяленскі.

Ён падкрэсліў, што мае спіс журналістаў, палітвязняў, проста спіс замежнікаў, які ён перадае партнёрам “з розных краін, у прыватнасці з Лацінскай Амерыкі”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.