ЗША вітаюць вызваленне беларускіх палітвязняў
Палітвязні, ілюстрацыйнае фота / Еўрарадыё
Амбасада ЗША ў Беларусі прывітала навіну пра вызваленне некаторых беларускіх палітвязняў.
Разам з тым амерыканскія дыпламаты заклікаюць, каб рэжым Лукашэнкі вызваліў астатніх. Адпаведны пост ад імя намесніка памочніка дзяржсакратара Крыстафера Сміта з'явіўся 4 ліпеня ў акаўнце амбасады ЗША ў сацсетцы X.
"Мы вітаем навіну аб вызваленні некаторых з найбольш уразлівых палітычных зняволеных Беларусі. Больш за 1400 палітвязняў застаюцца несправядліва затрыманымі. Мы заклікаем іх неадкладна вызваліць і пацвярджаем нашу прыхільнасць правам чалавека і дэмакратыі ў Беларусі", — гаворыцца ў заяве.
2 ліпеня, як расказвала Еўрарадыё, Аляксандр Лукашэнка анансаваў выхад некаторых палітвязняў — пераважна цяжкахворых. 3 ліпеня сапраўды некалькіпалітвязняў былі выпушчаныя з-за кратаў. Праваабаронцы "Вясны" кажуць, што ім вядомыя прозвішчы як мінімум дзевяці такіх палітвязняў. Публічна было абвешчана толькі пра выхад анкахворага палітвязня Рыгора Кастусёва.