ЗША перадасць Кіеву сотні БМП і сістэмы СПА — 331-я раніца вайны

Вайна ва Украіне працягваецца ўжо амаль 11 месяцаў / facebook.com/GeneralStaff.ua
Вайна ва Украіне працягваецца ўжо амаль 11 месяцаў / facebook.com/GeneralStaff.ua

Расійскія крыніцы сцвярджаюць, што баі ўжо ідуць у Бахмуце. "Байцы прыватнай военнай кампаніі "Вагнер" адціскаюць ўкраінскія фарміравання ў раёне Мясакамбіната", піша, у прыватнасці, рэсурс "Рыбарь". Паводле яго слоў, камандаванне УСУ перакідвае ў горад дадатковыя сілы, каб спыніць прасоўванне расійскіх войскаў.

Гэтая крыніца таксама сцвярджае, што на паўднёвы захад ад Бахмута "вагнераўцы" вызвалілі Кляшчэеўку. Акрамя таго, пасля зачысткі наваколля Салядара "развіваюць наступ у кірунку Благадатнага".

Але і Салядар, і Кляшчэеўка па-ранейшаму фігуруюць у зводках Генеральнага штаба УСУ. У сённяшнім справаздачы, у прыватнасці, гаворыцца, што на Бахмцкім кірунку гэтыя, а таксама яшчэ з дзясятак населеных пунктаў былі пад ударам праціўніка. Расіяне спрабуюць наступаць на Бахмуцкім і Аўдзееўскім напрамках (гэта ў Данецкай вобласці) і бараніліся на Купянскім, Ліманскім і Херсонскім кірунках, гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба.

США передаст Киеву сотни БМП и системы ПВО  — 331-е утро войны
Карта баёў у Данецкай вобласці / understandingwar.org

Новага наступу на Украіну з тэрыторыі Беларусі можна чакаць восенню 2023 года, мяркуюць у Інстытуце вывучэння вайны (ISW). У раёне верасня на беларускіх палігонах запланаваны буйныя сумесныя з Расіяй вучэнні ("Захад 2023" і "Шчыт Саюза 2023"). Акрамя таго, адзначаюць у Інстытуце, да восені 2023-га Расія "завершыць адзін або некалькі дадатковых прызываў у рэзерв". У расійскай вайсковай прамысловасці таксама з'яўляецца час, каб забяспечыць падраздзяленні неабходнай тэхнікай для аднаўлення ўварвання з Беларусі.

Тым часам стала вядома, што ў канцы мінулага тыдня Кіеў таемна наведаў дырэктар Цэнтральнага разведвальнага ўпраўлення ЗША Уільям Бернс. Пра гэта піша The Washington Post са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з гэтым візітам. Бернс прыязджаў, каб праінфармаваць прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага аб дадзеных ЗША адносна магчымых планаў Расіі ў вайне ў бліжэйшыя тыдні і месяцы. Але бакі таксама абмяркоўвалі і сітуацыю з амерыканскай дапамогай Кіеву пасля прыходу рэспубліканцаў у Палату прадстаўнікоў ЗША.

"Зяленскі і яго памочнікі пакінулі сустрэчу на мінулым тыдні з уражаннем, што падтрымка Кіева з боку адміністрацыі Байдэна застаецца моцнай, а экстранае фінансаванне Украіны ў памеры 45 мільярдаў даляраў, прынятае Кангрэсам у снежні, будзе доўжыцца па меншай меры да ліпеня ці жніўня", — паведамляе NYT.

У традыцыйным звароце Уладзімір Зяленскі пра гэта не распавядаў, але казаў пра дапамогу, якую Кіеў атрымлівае ад партнёраў. Падзякаваў Эстонію "за гаўбіцы і боепрыпасы", Швецыю — за новы вайсковы пакет, Данію — за прыняцце пастановы аб гаўбіцах CAESAR. "Гэта сур'ёзна ўзмоцніць нашу армію",  адзначыў украінскі прэзідэнт. Ён таксама сказаў, што чакае моцных рашэнняў ад сустрэчы партнёраў на базе "Рамштайн" і новага пакета ваеннай падтрымкі ад ЗША.

ЗША ўжо абвясцілі пра вылучэнне дапамогі. Гаворка ідзе аб сотнях браніраваных машын, сістэмах супрацьпаветранай абароны, ракетах і іншым узбраенні на суму 2,5 мільярда долараў. Спіс апублікаваны на сайце Пентагона. Адзначаецца, што ў бліжэйшы час Украіна атрымае, у прыватнасці:

* дадатковыя боепрыпасы для NASAMS і HIMARS;
* 8 сістэм супрацьпаветранай абароны"Avenger";
* 59 БМП "Bradley";
* 90 бронетранспарцёраў "Stryker";
* 53 бронетранспарцёры "MRAP";
* 350 высокамабільных шматмэтавых колавых машын "HMMWV";
* высокахуткасныя супрацьрадыяцыйныя ракеты"HARM";
* 95 тысяч 105-мм артылерыйскіх снарадаў;
* 20 тысяч 155-мм артылерыйскіх снарадаў і многае іншае.

Адкрытым застаецца пытанне з нямецкімі танкамі Leopard. Новы міністр абароны Германіі Барыс Пісторыус абверг паведамленні СМІ, што Берлін звязвае гэтыя пастаўкі з пастаўкамі амерыканскіх танкаў Abrams.

"Я не ведаю нічога аб такой сувязі",цытуе новага міністра Spiegel. Па словах Пісторыуса, ён "амаль упэўнены, што мы атрымаем рашэнне па гэтым пытанні на працягу наступных некалькіх дзён". Але ён не ведае, "як гэта будзе выглядаць".

Тым часам міністр абароны Нідэрландаў Кайса Алангрэн заявіла Bloomberg, што яе краіна гатовая аплаціць танкі Leopard для Украіны. Яны могуць быць перададзены Кіеву ў рамках кааліцыі еўрапейскіх краін і саюзнікаў па НАТА. Па яе словах, Польшча і Фінляндыя абвясцілі аб гатоўнасці адправіць у Украіну танкі Leopard ў складзе кааліцыі. Але ўсе такія крокі ўсё роўна патрабуюць дазволу Берліна.

"Мы ўсе хочам пачуць пазіцыю Германіі адносна гэтага, але я прыхільніца таго, каб паспрабаваць знайсці рашэнне і адправіць танкі ва Украіну", — сказала Алангрэн.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.