Знойдзены мёртвым кіраўнік паліцыі адной з абласцей Казахстана

Жанат Сулейманаў / @kozachkow
Жанат Сулейманаў / @kozachkow

У Казахстане памёр кіраўнік дэпартамента паліцыі Жамбылскай вобласці генерал Жанат Сулейманаў. Пра яго смерць паведаміў тэлеканал "Хабар-24" са спасылкай на МУС краіны. Што стала прычынай смерці генерала, у МУС не ўдакладнілі.

Між тым журналіст-даследчык Міхаіл Казачкоў са спасылкай на свае крыніцы сцвярджае, што Сулейманаў мог скончыць жыццё самагубствам. На фоне беспарадкаў у дачыненні да яго была распачатая крымінальная справа, і яму пагражаў трыбунал.

Мёртвым у панядзелак знайшлі і палкоўніка Камітэта нацыянальнай бяспекі (КНБ) Казахстана Азамата Ібраева. Яго цела знайшлі ў двары дома па месцы жыхарства, пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на казахстанскі КНБ .

Мясцовыя выданні адзначаюць, што ў Ібраева выяўленыя траўмы, характэрныя для падзення з вышыні.

2 студзеня ў шэрагу гарадоў Казахстана пачаліся акцыі пратэсту, якія з часам сталі суправаджацца беспарадкамі і нападам на адміністрацыйныя будынкі. Каб узяць сітуацыю пад кантроль, улады краіны аддалі загад ужываць зброю. Пацярпелі тысячы чалавек, ёсць загінулыя. Акрамя таго, прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў папрасіў АДКБ увесці войскі. 7 студзеня ўлады краіны заявілі, што парадак у цэлым адноўлены. Складаная сітуацыя захоўваецца ў Алматы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.