Стала вядома, чаму супрацоўнікі газеты "Новы Час" перасталі выходзіць на сувязь
У сераду з раніцы перасталі выходзіць на сувязь супрацоўнікі газеты "Новы Час", паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў. Пазней высветлілася, што да іх прыйшлі сілавікі.
Раніцай з'явіліся звесткі пра затрыманне ў бізнэс-цэнтры "Парус" у Мінску, дзе месціцца рэдакцыя "Новага Часу". Сувязь знікла з галоўным рэдактарам Аксанай Колб і журналістам, намеснікам рэдактара Сяргеем Пульшой.
Як стала вядома, Аксану Колб забралі ў Следчы камітэт — сутнасць прэтэнзій пакуль невядомая. У Сяргея Пульшы быў ператрус дома, пасля гэтага сілавікі разам з Сяргеем паехалі ў рэдакцыю "Новага Часу". Пазней намесніка рэдактара вызвалілі — з ім "скончылі следчыя дзеянні". Вызвалілі і Колб.
Як паведамляла Еўрарадыё, увечары 19 кастрычніка ў фотакарэспандэнта "Новага Часу" Дзмітрыя Дзмітрыева прайшоў ператрус. Сілавікі забралі ўсю тэхніку. Падставай для ператрусу стала справа аб пагрозах намесніку начальніка Савецкага РУУС.