Значная частка дронаў упершыню прыляцела з Беларусі — Туск

Дональд Туск / канцылярыя прэм'ер-міністра Польшчы
Значная частка беспілотнікаў падчас сённяшняга начнога ўварвання ўпершыню прыляцела з Беларусі. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск падчас выступу ў Сейме.
"Што новага ў горшым сэнсе гэтага слова, дык гэта кірунак, з якога ляцелі дроны. Гэта першы раз за час гэтай вайны, што яны не прыляцелі з Украіны — як вынік памылак або дробных расійскіх правакацый. Упершыню значная частка беспілотнікаў прыляцела непасрэдна з Беларусі", — прыводзіць яго словы onet.pl. Туск дадаў, што тры дроны былі збітыя.
Паводле звестак польскіх СМІ, паветраную прастору Польшчы сёння ўначы парушылі 23 расійскія беспілотнікі.
Прэзідэнт Караль Наўроцкі паведаміў, што Польшча абмяркоўвае магчымасць запуску артыкула 4 Паўночнаатлантычнага альянсу, у якім гаворыцца аб кансультацыях паміж саюзнікамі па NATO.
Між тым інфармагенцтва Reuters са спасылкай на крыніцу ў NATO паведаміла, што ў альянсе ацэньваюць начны інцыдэнт у Польшчы як наўмыснае ўварванне расійскіх беспілотнікаў, але — не як атаку на краіну.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.