Жыхарам Лагойска патлумачылі, чаму з кранаў цячэ брудная вада
"Кажучы простай мовай, ваду ў свідравіне ўзбаламуцілі" / logoysk.by
У жыхароў Лагойска з кранаў цячэ брудная вада, піша раённая газета. У сацсетках яны публікуюць здымкі карычневай вадкасці. Прычым праблема ахапіла як шматкватэрныя дамы, так і прыватны сектар. Праз некалькі дзён ў некаторых мікрараёнах сітуацыя нармалізавалася, а ў іншых вада па-ранейшаму брудная.
Камунальнікі наракаюць на закупленае і ўстаноўленае новае абсталяванне: замянілі помпы на двух свідравінах водазабору. "Гэта непазбежна, што ў ходзе правядзення гэтых работ пагаршаецца якасць вады па паказчыках і празрыстасці, — кажа намеснік дырэктара камунальнай гаспадаркі Міхаіл Багданаў. — Кажучы простай мовай, ваду ў свідравіне ўзбаламуцілі, а ў гэты момант новыя помпы далі больш ціску і пайшла па трубах брудная вада. Толькі па гэтай прычыне да некаторых спажыўцам яна дайшла колеру кавы".
Цяпер вядуцца работы па прамыванні водаправодных сістэм шматкватэрных дамоў.