Жыхар Львова застрэліў Парубія пад уплывам расійскіх спецслужбаў

Затрыманы жыхар Львова

Затрыманы жыхар Львова / Нацпаліцыя Украіны

Падазраваны ў забойстве ўкраінскага дэпутата Андрэя Парубія дзейнічаў пад кантролем расійскіх спецслужбаў. Яны скарысталіся яго асабістай трагедыяй.

"Злачынства мае прыкметы заказнога характару. Ёсць аператыўная інфармацыя, якая сведчыць аб магчымым дачыненні да арганізацыі забойства спецслужбаў Расійскай Федэрацыі", — заявіў начальнік упраўлення Службы бяспекі Украіны ў Львоўскай вобласці Вадзім Анішчанка.

Як выявілі СМІ, год таму знік сын затрыманага сёння 52-гадовага жыхара Львова. Расіяне абяцалі яму вярнуць цела ў абмен на забойства вядомага ўкраінскага палітыка. Мужчына спыніўся на кандыдатуры Парубія, бо ведаў, дзе той жыве.

На падрыхтоўку забойства спатрэбіўся амаль год. Зброю далі расійскія спецслужбы. А для ўцёкаў злачынец скарыстаўся ажно трыма машынамі. Паліцыя адсачыла яго шлях да Хмяльніцкай вобласці, дзе яго затрымалі на арандаванай кватэры.

Паведамляецца, што падазраваны ўжо прызнаў сваю віну і расказаў следчым падрабязнасці злачынства. Ён сказаў, што выкінуў пісталет і тэлефон у сажалку, а вопратку спаліў у лесе пад Вінніцай. Таксама ён заявіў, што планаваў забойства на 23 жніўня, але тады нічога не атрымалася. А роўна праз тыдзень ён вырашыў зрабіць другую спробу.

Забойства Парубія адбылося 30 жніўня ў Львове. У палітыка зрабілі восем стрэлаў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.