Жыхар Гродна падпаліў няправільна прыпаркаваны аўтамабіль
У аўтамабіля пашкоджаны бампер / @Neman102
У Гродне затрымалі мужчыну, які вырашыў самастойна змагацца з парушальнікамі правілаў паркоўкі і пашкодзіў чужы аўтамабіль. 9 снежня ў двары аднаго з дамоў абласнога цэнтра ён заўважыў аўтамабіль, які загароджваў праход да смеццевых кантэйнераў. Мужчыну гэта не спадабалася, таму ён "узяў аўтагенную запальнічку і падпаліў пярэдні бампер, каб правучыць кіроўцу", расказалі ў міліцыі.
Раніцай гаспадар аўтамабіля патэлефанаваў у РАУС. Вінаватага знайшлі. Яму 42 гады. Крымінальную справу супраць яго завялі паводле артыкула "Наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне чужой маёмасці". Санкцыя па гэтым артыкуле прадугледжвае да 10 гадоў пазбаўлення волі.