Журналістам "Белсата" Вользе Чайчыц і Андрусю Козелу абмежавалі выезд з Беларусі

Журналістам "Белсата" Вользе Чайчыц і Андрусю Козелу абмежавалі выезд з Беларусі

Улады абмежавалі журналістцы Вользе Чайчыц і аператару Андрусю Козелу выезд з Беларусі. Чайчыц і Козел супрацоўнічаюць з тэлеканалам "Белсат".

"Мне з Андрусём абмежавалі выезд за мяжу. Законных падставаў для гэтага няма. На наступным тыдні ў мяне запланаваныя сустрэчы ў Бруселі і Парыжы ў Еўрапарламенце, Еўракамісіі, з Міжнароднай федэрацыяй журналістаў, Рэпарцёрамі без межаў, Асацыяцыяй фрылансераў адносна сітуацыі са свабодай медыяў ў Беларусі", — напісала Вольга ў Фэйсбуку.

Пра абмежаванне выезду журналістам паведаміла сёння судовая выканаўца Яна Васюк. Як адзначае прэс-служба БАЖ, журналісты паказалі ёй квітанцыі пра аплату ўсіх штрафаў. Аднак у адказ яны пачулі, што немагчыма праверыць, ці ўсе штрафы аплачаныя, бо "не працуе база". Таксама судовая выканаўца папрасіла прывезці ўсе квітанцыі пра аплату штрафаў за мінулы год. Зняць абмежаванне на выезд можна будзе не раней, чым запрацуе база, а калі гэта адбудзецца — невядома.

Дарэчы, ўчора Вольга Чайчыц даведалася, што ёй выпісалі ўжо дзясяты сёлета штраф — 980 рублёў за фотарэпартаж з пікету абаронцаў Курапатаў каля рэстарана "Поедем поедим". Агульная сума штрафаў, выпісаных журналістцы, склала 8330 рублёў.