Загадчыцу бальніцы будуць судзіць за завышэнне звестак пра вакцынацыю

Прышчэпка, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
У Магілёўскім раёне загадчыца адной з участковых бальніц трапіла пад суд па абвінавачанні ў службовай падробцы (ч. 1 арт. 427 КК). Яна завышала колькасць вакцынаваных пацыентаў, паведамляецца на сайце Генпракуратуры.
Падчас пракурорскай праверкі выявіліся фальшывыя звесткі аб прышчэпках людзей. Для разбіральніцтва пракурор стварыў міжведамасную працоўную групу. Выявілася, што загадчыца лякарні запісвала заведама ілжывыя звесткі ў журналы прафілактычных прышчэпак і выкарыстання імунабіялагічных лекавых прэпаратаў. Гэтак яна спрабавала пазбегнуць матэрыяльнай і дысцыплінарнай адказнасці за нізкія тэмпы вакцынацыі.
Пракуратура Магілёўскага раёна пачала на жанчыну крымінальную справу. Матэрыялы перададзеныя для расследавання ў Магілёўскі міжраённы аддзел Следчага камітэта.
Раней у Беларусі неаднойчы судзілі медыкаў за знішчэнне вакцын.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.