За Паўла Севярынца паручыліся 127 чалавек
Паручальнікі запэўніваюць пракуратуру, што Павел не схаваецца ад следства ў выпадку змянення яму меры стрымання на падпіску аб нявыездзе.
4 красавіка аргкамітэт БХД адправіў у пракуратуру горада Мінска 127 хадайніцтваў за змену меры стрымання лідару БХД Паўлу Севярынцу, зняволенага ў СІЗА КДБ, на падпіску аб нявыездзе.
"У сувязі з апошнімі падзеямі (уцёкі за мяжу экс-кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча і журналісткі Наталлі Радзінай, якія былі выпушчаныя пад падпіску аб нявыездзе), мы асабіста хадайнічаем за Паўла Севярынца, бо ўпэўненыя, што Павал нікуды не збяжыць, а як шчыры хрысціянін, мужны і духоўна моцны чалавек возьме свой пакутніцкі крыж, каб дамагчыся вызвалення не толькі асабістага, але і ўсёй Беларусі", — сказала прэс-службе БХД каардынатар аргкамітэта Ірына Логвін.