За 5 хвілін у счэпцы шматдзетнаму бацьку прысудзілі два гады калоніі

Суд Ленінскага раёна Мінска асудзіў Сяргея Альшэўскага на два гады калоніі агульнага рэжыму. Як пішуць праваабаронцы, у яго трое малалетніх дзяцей.
Альшэўскага прызналі вінаватым паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Таксама ў калоніі яго прымусова будуць лячыць ад алкагалізму.
У абвінавачанні гаварылася, быццам Альшэўскі "выкрыкваў лозунгі, неаднаразова адмаўляўся выканаць патрабаванні супрацоўнікаў, перашкаджаў руху транспарту, а таксама рухаўся ў счэпцы па праезнай частцы".
Сам мужчына віну прызнаў і распавёў, што 10 жніўня 2020 года разам з сябрам вырашыў паглядзець, што адбываецца на акцыях пратэсту ў Мінску. Нагадаем, што гэта былі самыя гарачыя дні супрацьстаяння пратэстоўцаў з сілавікамі.
Таксама Альшэўскі пазнаў сябе на фота з месца падзей: яны сталі асноўнымі доказамі па справе. На судзе ён паведаміў, што стаў у счэпку, калі яму прапанавалі. Прастаяў там пяць хвілін і ўцёк, калі пачалі набліжацца міліцыянты і спецтэхніка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.