З Беларусі ва Украіну спрабавалі перавезці труп украінца
Прыкметаў гвалтоўнай смерці чалавека медыкі не выявілі, цела адправілі на судмедэкспертызу.
З незвычайным здарэннем сутыкнуліся 8 сакавіка пінскія памежнікі, паведамляе сайт Памежнага камітэта. У пункце пропуску "Махро" ў аўтамабілі "Mercedes" з васьмю пасажырамі яны выявілі труп 38-гадовага грамадзяніна Украіны.
Гэтым аўтамабілем вярталіся на радзіму ўкраінцы-гастарбайтары. Яны распавялі, што памерлы мужчына лячыўся ў Расіі ад захворвання нырак. Праўда, гэта ніяк не перашкодзіла ім па дарозе дадому выпіваць. Калі аўтамабіль пад'ехаў да беларуска-ўкраінскай мяжы, спадарожнікі не змаглі абудзіць таварыша.
Выкліканыя медыкі не выявілі прыкмет гвалтоўнай смерці. Труп украінца адпраўлены на судмедэкспертызу.
Самі ўкраінцы былі адпушчаныя дадому пасля гутаркі з супрацоўнікамі міліцыі.
Фота — novostimira.com.ua