З акупаванага Херсона знікаюць помнікі
Бюст Суворава стаяў у Херсоне на аднайменнай вуліцы, а цяпер знік / khersonregion.com
Пра знікненне двух помнікаў паведамляюць жыхары акупаванага Расіяй Херсона. Раніцай у гарадскіх пабліках пісалі, што знік бюст палкаводца Аляксандра Суворава. Ён стаяў на пастаменце на аднайменнай вуліцы ў цэнтры горада з 50-х гадоў ХХ стагоддзя.
Пазней стала вядома, што знік і помнік Фёдару Ушакову. Яго таксама ўсталявалі яшчэ ў 1950-я гады. "Ушакова таксама скралі", — паведамляе мясцовы паблік.
Помнікі вывезлі прарасійскія ўлады, сцвярджае выданне "РІА Новости Крым". Нагадаем, на мінулым тыдні мясцовая адміністрацыя абвясціла эвакуацыю і пачала перавозіць людзей на ўсходні бераг Дняпра. Паводле версіі медыя, помнікі таксама вырашылі вывезці, "каб захаваць унікальныя творы мастацтва ад абстрэлаў ВСУ".
Пастамент, дзе стаяў помнік Фёдару Ушакову / @hueviyherson
Апусцеў і пастамент, дзе стаяў бюст Аляксандра Суворава / @Tsaplienko