Як часта Лукашэнка лятаў у Эміраты, і што ад гэтага атрымала Беларусь
Еўрарадыё аналізуе, з кім кіраўнік Беларусі сустракаўся ў ААЭ і як змяняўся таваразварот паміж нашымі краінамі ў выніку гэтых візітаў.
Падчас восеньскіх вакацыяў у школьнікаў кіраўнік Беларусі ў чарговы раз паляцеў у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Еўрарадыё паглядзела, колькі разоў Аляксандр Лукашэнка наведваў гэту краіну, што там рабіў і які вынік мелі яго візіты.
Усяго Лукашэнка да сёлетняга візіту наведваў ААЭ тройчы: у 2000, 2007 і ў 2013 гадах. Падчас свайго першага візіту ён правёў перамовы з прэзідэнтам гэтай краіны шэйхам Халіфам бэн Заід Аль Нахаянам, намеснікам прэм’ер-міністра шэйхам Султанам бэн Заідам Нахаянам, міністрам фінансаў і прамысловасці Хамданам бэн Рашыдам Аль Макмудам і наследным прынцам Абу-Дабі шэйхам Мухамедам бен Рашыдам Аль Мактумам.
Паводле афіцыйных паведамленняў, падчас візіту было падпісана Пагадненне аб эканамічным, гандлёвым і тэхнічным супрацоўніцтве паміж урадамі Беларусі і ААЭ, а таксама пагадненне аб спрыянні інвестыцыям і іх узаемнай абароне ды іншыя.
Звестак пра тое, хто быў у складзе “прэзідэнцкай” дэлегацыі ў тым годзе, няма. Як і звестак пра таваразварот паміж нашымі краінам на той момант.
Першая інфармацыя датуецца 2002 годам. І называецца лічба ў 35,5 мільёнаў долараў. А ўжо ў наступным годзе таваразварот паміж Беларуссю і ААЭ павялічваецца да 38 мільёнаў долараў. Але ўжо праз тры гады, у 2006 годзе ён нечакана падае на траціну — да 26,1 мільёнаў долараў за год!
Магчыма, гэта і стала нагодай для чарговага візіту ў арабскую краіну беларускага кіраўніка ў сакавіку 2007 года. Цікава, што на першае месца падчас таго візіту выносіцца не эканамічнае, а палітычнае пытанне:
“Беларусь гатовая зрабіць усё, каб Аб’яднаныя Арабскія Эміраты маглі актыўна прысутнічаць у Еўропе”, — заявіў Лукашэнка. І ўжо пасля гэтага беларускі кіраўнік кажа свайму калегу шэйху Халіфу бэн Заід Аль Нахаяну, што ў Мінска “ёсць канкрэтныя прапановы ў галіне інвестыцыйнага супрацоўніцтва” дзвюх дзяржаў.
Дакладнай інфармацыі пра склад і гэтай дэлегацыі няма. Але сыходзячы з таго, што ехалі з намерам падпісаць міжурадавыя пагадненні ў галіне СМІ, пасажырскіх авіяперавозак, аб узаемаразуменні і супрацоўніцтве ў галіне бяспекі, тым разам у ААЭ прыляцелі міністры адпаведных беларускіх ведамстваў.
Праўда, асаблівых вынікаў у доўгатэрміновай перспектыве ні прапанова афіцыйнага Мінска вывесці ААЭ на еўрапейскі ўзровень, ні падпісаныя пагадненні не мелі. І ўжо ў 2010 годзе таваразварот паміж нашымі краінамі абваліўся да 13,1 мільёнаў долараў. Праўда, не надоўга. На наступны год лічба вырасла да 21,1 мільёна, а ў 2012 — да 33,5 мільёнаў долараў.
А ў 2013 годзе надышоў час для трэцяга візіту ў Арабскія Эміраты. Паводле інфармацыі БЕЛТА, гэтым разам беларускі кіраўнік сустрэўся толькі з ужо вядомым намеснікам прэм’ер-міністра і з міністрам унутраных спраў шэйхам Сейфам бэн Заідам аль-Нахаянам. Ці падпісалі што ў выніку, не ўдакладняецца. Як і тое, хто быў у складзе дэлегацыі. Але вядома, што “прэзідэнт холдынгавай кампаніі "Рыяда Груп" Шэйха Дэя бінт Ібрахім Аль-Халіфа выказала намер дапамагчы афіцыйнаму Мінску ўзяць удзел у рэалізацыі нафтагазавых праектаў на Блізкім Усходзе”.
Пра тое, каб нешта з гэтага “нафтавага праекта” атрымалася, не чуваць. Тым не менш, па выніку года таваразварот паміж нашымі краінамі дасягае рэкорднага 51,1 мільёна долараў. І ўжо 26 кастрычніка 2014 года кіраўнік Беларусі зноў накіроўваецца ў ААЭ.
Гэтым разам інфармацыі пра візіт значна больш. Калі казаць пра частку працоўную, то быў дасягнуты шэраг дамоўленасцяў у гандлёва-эканамічнай, крэдытна-інвестыцыйнай і навукова-тэхнічнай галінах. Але не менш насычанай была і частка неафіцыйная. Пачнём з таго, што кіраўніка Беларусі суправаджаюць у паездцы не толькі чыноўнікі, але і сябры ды сыны.
Так, у ААЭ з кіраўніком краіны прыехалі бізнесмены Юрый Чыж, Аляксандр Шакуцін, хакейны трэнер Міхаіл Захараў, тэнісны трэнер Сяргей Цяцерын, кіраўнік федэрацыі гандбола Уладзімір Канаплёў. Таксама прыехалі з бацькам і два сыны — Віктар і Мікалай.

Што да культурнай праграмы, то Лукашэнка з кампаніяй не толькі наведалі Вялікую мячэць імя шэйха Заіда ў Абу-Дабі і, як жа без гэтага, сыгралі ў хакей. Адбыўся нават дэбют — Лукашэнка-малодшы двума галамі ў вароты сапернікаў заявіў пра сябе ў якасці гульца прэзідэнцкай хакейнай каманды.
Што да эканамічных вынікаў візіту, то казаць пра іх пакуль рана, але, верагодна, у Лукашэнкі ёсць, чым пахваліцца. Па яго планах ужо ў наступным годзе таваразварот паміж нашымі краінамі павінен вырасці амаль у 10 разоў і дасягнуць 500 мільёнаў долараў.
Фото: freesmi.by, naviny.by