Вольга Карпушонак пакінула тэрыторыю Еўрасаюза

Вольга Карпушонак

Вольга Карпушонак / фота з яе старонкі ў Фэйсбуку

Сябра Каардынацыйнай рады Вольга Карпушонак пакінула тэрыторыю Еўрасаюза. Пра гэта яна паведаміла ў заяве на Паўла Латушку, якую апублікавала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Карпушонак адзначыла, што гэтую заяву яна накіравала ў праваахоўныя органы Іспаніі ды Польшчы. У тэксце гаворыцца, быццам у перыяд з 7 снежня 2024 года па пачатак студзеня ў Польшчы Латушка здзейсніў у дачыненні да яе "дзеянні сексуальнага характару, уключаючы непажаданыя дакрананні і прапановы сексуальнага характару ў абмен на прасоўванне па службе, забеспячэнне бяспекі і павышэнне заработнай платы". Таксама яна піша пра пагрозы на свой адрас з боку Латушкі.

Карпушонак сцвярджае, што пагрозы працягваліся, калі яна знаходзілася ў Іспаніі. Яны паступалі ад невядомых асобаў. У адной з іх, маўляў, было пазначана дакладнае месцазнаходжанне жанчыны і была таемна зробленая фатаграфія. Таму яна вырашыла пакінуць ЕС.

Павел Латушка назваў гэтую заяву прававым абсурдам і выказаў сумнеў, што аўтарам з'яўляецца Карпушонак: "Прафесійны адвакат, якім з'яўляецца і сама Вольга Карпушонак, ніколі не напісаў бы нічога падобнага. Любы сапраўдны юрыст не дасць гэтаму псеўдаюрыдычнаму опусу іншай характарыстыкі, чым поўны прававы абсурд. Відавочна, што складальнік гэтага паста нават блізка не знаёмы з базавымі элементамі складання падобных заяваў".

Ён звярнуў увагу, што англамоўная заява накіраваная ў праваахоўныя органы Іспаніі, дзе афіцыйнай мовай з'яўляецца іспанская. Да таго ж Карпушонак, якая не мае нават віду на жыхарства ў Іспаніі, пакінула тэрыторыю краіны, "што робіць немагчымым прымяненне юрысдыкцыі дадзенай краіны для разгляду яе заявы", дадаў Латушка.

Ён зноў паўтарыў, што супраць яго няма ніякіх доказаў і не можа быць: "І гэта ўсё лёгка правяраецца і абвяргаецца. Яны могуць быць толькі сфабрыкаваныя, як і само гэта ілжывае абвінавачванне. Вольга выдаліла ўсе перапіску ў Telegram са мной і Арцёмам Праскаловічам 30 жніўня".

Як паведамлялася раней, 30 жніўня Вольга Карпушонак у сацсетках абвінаваціла Паўла Латушку ў сексуальных дамаганнях падчас яе працы ў НАУ пад яго кіраўніцтвам. Латушка абверг гэтыя абвінавачанні і назваў іх працай лукашэнкаўскіх спецслужбаў. Пазней латушка расказаў пра пагрозы, якія прыходзяць яму па электроннай пошце.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.