Павел Латушка расказаў пра новы ліст з пагрозамі

Павел Латушка

Павел Латушка

Павел Латушка расказаў, што яму прыйшоў новы ліст з пагрозамі. Гэта адбылося пасля новага паста ў сацсетках Вольгі Карпушонак.

Як паведамлялася раней, 30 жніўня сяброўка Каардынацыйнай рады Вольга Карпушонак абвінаваціла кіраўніка НАУ і чальца Аб'яднанага пераходнага кабінета Паўла Латушку ў харасменце і сексуальных дамаганнях. Латушка абверг гэтыя абвінавачанні.

1 верасня на старонцы Карпушонак з'явіўся новы відэазварот з абвінавачаннямі на адрас Латушкі. Таксама жанчына заявіла, быццам мае відэадоказы супраць кіраўніка НАУ.

Увечары таго ж дня Латушка паведаміў, што атрымаў ліст ад беларускіх спецслужбаў. Паводле яго, гэты ліст сведчыць, што пасты, якія публікуе Карпушонак, задуманыя Камітэтам дзяржбяспекі:

"Сёння ў 20.50 я атрымаў e-mail менавіта ад таго адрасата, які папярэджваў пра напад на мяне ў Варшаўскім універсітэце за некалькі гадзін да здарэння. Які папярэджваў аб выхадзе прапагандысцкага відэафільма АНТ у дачыненні да Святланы Ціханоўскай і мяне. Які папярэджваў, што "пачынаецца ваша знішчэнне". Ліст наступнага зместу дэманструе, што КДБ каардынуе і кіруе дзейнасцю Вольгі Карпушонак".

Палітык прыклаў да паста скрыншот паведамлення: "Во ўжо, Латушка, уліп ты па поўнай. Што ж ты такі дэбіл, што не заўважыў, што цябе на камеру здымаюць, гэта значыць, гэтая прафура цябе здымае".

Латушка падкрэсліў, што ў сацсетках Карпушонак могуць з'явіцца толькі псеўдадоказы, падрыхтаваныя спецслужбамі — у стылі фільма пра падпал. "Ніякіх сустрэч, рэстаранаў і ўжо тым больш харасменту не было і не магло быць", — заявіў палітык.

Павел Латушка расказаў пра новы ліст з пагрозамі
Ліст, які апублікаваў Латушка / t.me/latushka

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.