ВНУ: Калі адменяць тэставы парогавы бал, больш паступяць і больш адлічацца
Ва ўсіх 6 універсітэтах, куды звярталася Еўрарадыё, не радуюцца адмене парогавых балаў тэставання, якія трэба для паступлення ва ўніверсітэт.
“Летась з-за парогавага бала прайшло менш на завочнае. Крыўдна, канешне. Калі чалавек ідзе на педагагічную спецыяльнасць і атрымоўвае адзін бал, то які з яго настаўнік. На бюджэце я б пакінуў усё, як было летась. А на платнае можна рабіць мінімальны бал”, - гавораць пра парогавы бал у адміністрацыі Нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.
Гэты парогавы бал цяпер могуць адмяніць ці панізіць. На нарадзе па пытаннях уступнай кампаніі ў вну Аляксандр Лукашэнка наракаў, што з-за гэтага бала летась не паступіла трэць абітурыентаў.
Каб атрымоўваць вышэйшую адукацыю, трэба было набраць па рускай і беларускай мове больш за 10 балаў, па фізіцы, матэматыцы і біялогіі — 15 балаў, па гісторыі, грамадазнаўстве і замежных мовах — 20 балаў са 100.
“Калі адменяць гэты бал, будуць больш паступаць, але і больш адлічацца”, - адразу гавораць у Тэхналагічным універсітэце. Тут супраць, каб яго адмянялі.
“Ён мусіць быць. Бо зарубіць тэхналогію, пакінуць людзей без заробку, бо камусьці ва ўніверсітэце выдалі проста так дыплом – гэта раскоша. Вучыцца мусяць тыя, хто мае здольнасці і жаданне”, - выказваюцца Еўрарадыё ў адміністрацыі гэтай вну.
Больш платнікаў з-за зніжэння патрабаванняў чакаюць у Віцебскім універсітэце імя Машэрава. Але тое, што патрабаванні трэба зніжаць, тут лічаць ганебным.
“Гэта ганьба для нацыі, калі выпускнік мае 5% па мове, хіміі – гэта значыць школа не дапрацоўвае. Гэта званочак, што трэба задумацца”, - расказваюць у прыёмнай камісіі Віцебскага універа.
Магілёўскі ўніверсітэт імя Машэрава пакуль прагнозаў не дае. Тут яшчэ працуюць па старых правілах і чакаюць загадаў з Мінска. У галоўнай вну краіны – БДУ – таксама супраць адмены парогавага бала.
Нічога не зменіцца для Беларускага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, калі парогавы бал адменяць ці панізяць.
“Калі будуць ільготы, гэта, канешне, сыграе. Тады студэнты з нізкімі баламі змогуць паступіць, бо будуць па асобным конкурсе. А так гэты бал на нашую сістэму не ўплывае”, - кажуць у “радыётэхнічным”.
Ужо некалькі год сюды могуць паступаць хоць адразу на ўсе спецыяльансці. А кампутар размяркоўвае, куды праходзіць абітурыент.
“У нас 36 спецыяльнасцей. З іх 34 тэхніка-тэхналагічнага профілю. І можна прэтэндаваць хоць на ўсе 34 спецыяльнасці і ў парадку прыярытэту ўдзельнічаць ў конкурсе”, - тлумачаць сутнасць у БДУІРы.
Такой сістэмай карыстаюцца ўжо ў Экалагічным універсітэце і Педагагічным універсітэце Максіма Танка.
У мінулым годзе трэць абітурыентаў не здалі тэставанне (не змаглі набраць парогавыя балы). Агулам жа на іспыты запісаліся тады 117 тысяч чалавек.
БДУ: Як тады вучыць, калі парогавы бал адменяць?
Фота: gs.by