Вася "Пешаход" ідзе на футбол за 1,5 тыс. кіламетраў і па дарозе ратуе котку

Васіль "Пешаход" і котка

Васіль "Пешаход" і котка / Euroradio

Днямі Васіль “Пешаход” выйшаў з Варшавы ў бок Чарнагорыі. Так, пешшу.

Беларусы ведаюць Васю як заўзятага футбольнага фаната, які дзеля таго, каб паглядзець на гульню ўлюблёнага “Дынама Брэст” хадзіў пешшу з Брэста ў Наваполацк.

Цяпер ён жыве ў эміграцыі, шмат што ў жыцці змянілася, апроч любові да пешых “прагулак”. У ліпені “Дынама-Брэст” будзе гуляць у Чарнагорыі, і Вася па традыцыі ідзе туды пешшу. Па дарозе вядзе стрым і спадзяецца сабраць данаты на ЗСУ ад сваёй аўдыторыі.

Сёння Васіль даслаў нам відэа: па дарозе яму трапілася кацяня! Ён аднёс яго да ветэрынара і наўпрост па дарозе змог знайсці для жывёлінкі новы дом. Сачыць за гісторыяй Васіля (і кацяня) можна ў жывым эфіры.

Васіль “Пешаход” ратуе котку

Хто такі Васіль “Пешаход”?

У 20 год берасцейцу Васілю паставілі дыягназ — апластычная анемія. Гэта захворванне крыві, пры якім косны мозг працуе не так, як трэба. Раней Вася распавядаў, чаму пачаў хадзіць на такія буйныя адлегласці. Казаў, каб трымацца за свет, бо атрымаўшы ў 20 год такі дыягназ, патрабуеш нейкай мэты. І кожны паход быў спосабам даказаць сабе, што ён штосьці можа.

Еўрарадыё намагалася дагнаць Васіля на шляху да Чарнагорыі, але пакуль мы аказаліся значна павольнейшымі за яго. Пакуль збіраліся выехаць з Варшавы, Вася ўжо падыходзіў да мяжы са Славакіяй. Ну, вы разумееце, чаму сябры празвалі Васіля Нікалаева — Пешаходам. Так яго цяпер усе і завуць.

Васіль пагадзіўся па дарозе пагаварыць з намі па тэлефоне.

 

“Можа лось выбежаць, могуць мясцовыя “на вайну” адправіць”

— Васіль, вітаю! Дзе вы зараз?

— Зараз скіну кропку.

Вася "Пешаход" ідзе на футбол за 1,5 тыс. кіламетраў і па дарозе ратуе котку
Васіль "Пешаход"

— Вы ў дарозе ўжо пяць дзён. Як абстаноўка?

— Думаў, будзе горш. Ну, проста праз тое, што зараз вельмі гарачыя дні. А ўчора было настолькі спякотна, што тэлефон падчас трансляцыі выключаўся сем разоў праз перагрэў. Каб не спыняць жывую трансляцыю, нясу з сабой паўэрбанк, але і яго не заўсёды хапае на дзень.

Калі б не трансляцыя, ісці было б прасцей і ішоў бы хутчэй. Я планаваў праходзіць за дзень 50 кіламетраў, як рабіў у былых паходах. Але праз трансляцыю пакуль атрымліваецца адолець толькі 40 кіламетраў на дзень.

Там, дзе я іду наўпрост цяпер, пакуль гавару з вамі, дарога вельмі вузкая. І даволі шмат аўтамабіляў. Эфір весці не заўсёды зручна, мясцовасць жа незнаёмая, а вакол лясы-дарогі.

Але ў Польшчы ёсць круты маршрут, дзе ты можаш напрацягу ўсяго шляху ісці пешшу, і ўсе ставяцца да цябе добра. Паліцыя ніводнага разу не спыніла, не запыталася, куды ты ідзеш, без такіх прыкалюх.

Часам, канешне, лось выбежыць. Часам і мясцовыя сустракаюцца спецыфічныя — ну, то-бок тыя, хто нічога апроч сваёй вёскі не бачыў. У меня неяк спыталі, навошта і куды я іду. Я распавёў, і яны адправілі мяне “ва Украіну ваяваць”.

Я распавёў, што я — беларус, стаўленне змянілася. Спыталі, навошта іду. Я кажу: як валанцёр. У мяне ёсць тры хоббі: вандроўкі, паходы пешшу і футбол. І калі тры гэтыя аспекты спалучаюцца, мне ісці лёгка. А тут я ўпершыню вырашыў паспрабаваць сабраць данаты на ЗСУ. Раней я дапамагаў толькі хлопцам з тактычнай групы імя Мікіты Крыўцова і рабіў гэта ў памяць пра свайго сябра Мікіту Крыўцова, якога ў жніўні 2020 года знайшлі павешаным.

Карацей, раблю любімую справу і адначасова намагаюся сабраць грошы для хлопцаў. Мая мэта не ў тым, каб сказаць, што трэба “валіць русню”. Я, насупраць, спадзяюся, што гэты збор здолее хоць адно жыццё ўратаваць.

 

“Галоўнае — не класціся спаць у мурашнік”

— Вы шмат сотняў кіламетраў нахадзілі па Беларусі. У чым розніца з вандроўкамі па Польшчы?

— У Беларусі я хадзіў звычайна толькі па трасах. Калі ты просіш гугл пракласці табе пешы маршрут, звычайна ён паказвае менавіта вялікія магістралі.

А тут маршрут пракладаецца і праз лясы, і праз паркі, палі, вёскі. Калі вы пераглядзіце мае эфіры, пабачыце, праз якія незвычайныя месцы я хадзіў. Ёсць ад чаго атрымаць асалоду.

— Гэта ўдзень. А ноч як праходзіць?

Я вырашыў, што раз на некалькі дзён буду начаваць у гатэлі. Першую ноч правёў у лесе, потым у гатэлі, потым — зноў у лесе, потым — у гатэлі пры аўтазапраўцы.

Для мяне ж галоўнае, каб было дзе паставіць тэлефон на зарадку. А так і ў лесе нармальна начаваць. Трэба баяцца людзей, а не жывёл.

— А без жартаў — хіба гэта бяспечна?

— Бяспечна, калі не ў мурашніку начуеш, як я мінулай ноччу.

— Што?!

— Я паставіў тэлефон на зарадку на запраўцы і пайшоў спаць. Спаў у маленькім-маленькім лесе ля дарогі. Паклаўся ў цемры, каб не прыцягваць увагі. Расклаў спальнік і адчуваю — нешта ў нагах. Думаю, клешч. Прыгледзеўся — ды не адзін! Вось другі, і трэці!.. А аказалася, я паклаў спальнік акурат на мурашнік. Усхапіўся, усё павытрасаў і пералёг углыб лесу. А тады ўжо нармальна спаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.