Ва Украіне зацвердзілі яшчэ адзін узор бронекамізэлькі для жанчын

Бронекамізэлька, адаптаваная да жаночага цела / t.me/ministry_of_defense_ua/
Ва Украіне зацвердзілі яшчэ адзін узор бронекамізэлькі для жанчын, паведамляе ўкраінскае Мінабароны. Калі ў першым сертыфікаваным узоры была выгнутая бронепліта, то ў другім бронекамізэльку ўкамплектавалі дэмпфернымі падушкамі. Яны дапамогуць падагнаць яе пад анатамічныя асаблівасці кожнай жанчыны. У камплекце тры падушачкі розных памераў. Акрамя гэтага, для абароны пахвіны вытворца распрацаваў дадатковую сумачку з мяккім балістычным пакетам.
Жаночая бронекамізэлька мае такія ж балістычныя характарыстыкі, што і мужчынская. Яе выпрабаванні працягваліся тры месяцы.
Бронекамізэлькі абодвух узораў важаць ад 10,5 кг.
Ва Узброеных сілах Украіны служыць больш за 40 тысяч жанчын. У першую чаргу бронекамізэлькамі, адаптаванымі да жаночага цела, забяспечаць тых, хто знаходзіцца на перадавой. За 2-3 месяца плануецца вырабіць 10 тысяч камплектаў.


Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.