Урад зацвердзіў план падтрымкі эканомікі РБ: "па аналогіі з Расіяй"
7 красавіка стала вядома, што ўрад зацвердзіў план падтрымкі эканомікі Рэспублікі Беларусь. Сярод іншага, ён прадугледжвае "стварэнне з Расійскай Федэрацыяй сумесных імпартазамяшчальных вытворчасцяў". Прадугледжана "дадатковая фінансавая падтрымка" для малых і сярэдніх прадпрыемстваў, "якія будуць выпускаць прадукцыю, якая не выпускаецца ў Беларусі і Расіі". Згадваецца "праца з расійскімі калегамі па пытаннях павелічэння квотаў", а ў перспектыве — "адмена дазваляльнай сістэмы перавозкі грузаў і кабатажу для беларускіх аўтаперавозчыкаў".
Бізнес вызваляецца ад адміністрацыйнай адказнасці "па выніках праверак" — у выпадку, калі парушэнні не наўмысныя і зробленыя ўпершыню. У плане ёсць і пункт пра ПВТ: льготы і прэферэнцыі яго рэзідэнтам збіраюцца прадастаўляць "па аналогіі з мерамі, прынятымі ў Расіі" (у прыватнасці, прапануецца адтэрміноўка ад прызыву ў войска для айцішнікаў).
У дакуменце ідзе гаворка пра падтрымку экспарту і пашырэнне крэдытавання экспарцёраў, пра зніжэнне мытных пошлін для імпартных тавараў, "якія неабходныя для вытворчасці на экспарт". У плане — "выбудоўванне новых транспартна-лагістычных ланцужкоў для перанакіравання экспартных патокаў".
Таксама адзначаецца, што "грашовыя даходы, пенсіі, дапамогі будуць індэксавацца да ўзроўню інфляцыі".
Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка не губляе аптымізму і ўсё яшчэ спрабуе казаць, што "санкцыі не дзейнічаюць". 7 красавіка на Саўбезе РБ ён заявіў, што "беларуская эканоміка агулам вытрымлівае санкцыйны ціск". Паводле яго слоў, "прадпрыемствы працуюць, людзі занятыя, своечасова атрымліваюць заробак".