Унутры былі людзі: у парку Горкага выпалі дзверцы кабінкі "Кола агляду"

Дзверцы, якія выпалі / TUT.by
У нядзелю 15 верасня ў Цэнтральным дзіцячым парку імя Максіма Горкага ў Мінску адбыўся інцыдэнт. Дзверцы адной з кабінак "Кола агляду" адваліліся падчас работы атракцыёна. У гэты час у кабінцы знаходзіліся людзі. Аб тым, што здарылася, парталу TUT.by паведаміла сведка здарэння Наталля. Жанчына кажа, што дзверцы ўпалі ў 50-100 метрах ад яе.
Паводле яе слоў, работнікі парку ўсё аператыўна прыбралі. Пацярпелых няма.

Па версіі начальніка ўпраўлення "Гарадскія паркі" УП "Мінскзеленбуд" Андрэя Жыхарава, дзяжурныя атракцыёнаў груба парушылі інструкцыю і іх дысцыплінарна пакараюць: дзверы кабінкі былі не зачыненыя.
"Наведвальнікі, якія сядзелі ў гэтай кабінцы, напісалі, што прэтэнзій да нас не маюць, — гаворыць ён. — Гэта людскі фактар".
З гэтай версіяй згодны не ўсе. Раней работнікі парку Горкага ўжо скардзіліся гарадскім уладам на няспраўнасці, якія ўзнікалі на атракцыёнах гэтым летам. Адміністрацыя парку сцвярджала, што спецыяльная камісія парушэнняў не выявіла.